Спынілі на вуліцы, затрымалі, дапыталі

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў суботу ў Берасьці актывістаў “Маладых дэмакратаў”.

Сярод затрыманых – непаўналетні Сяржук Алексіевіч. Затрыманьне адбылося ў мікрараёне Рэчыца. Юнакоў даставілі ў адзін з пастарункаў мікрараёну.

Сябра аб'яднаньня "Маладыя дэмакраты" Іван Стасюк паведаміў “Свабодзе”, што затрыманьне адбылося без падставаў:

“Сябры нашай арганізацыі проста ішлі па вуліцы, калі да іх пад'ехалі міліцыянты і забралі з сабой у пастарунак. Там адбыўся ператрус. Прычым адбывалася ўсё без складаньня пратаколу. У заплечніках былі знойдзеныя інфармацыйныя ўлёткі. Маладзёнаў будуць перавозіць у Ленінскі РАУС”.