Чэскі Хэльсынскі камітэт: Беларусь УЖО частка Рады Эўропы і ЭЗ

  • БелаПАН
Чэскі Хэльсынскі камітэт выказаў падтрымку прадстаўнікам грамадзянскай супольнасьці Беларусі. "Мы напружана і з інтарэсам сочым за вашымі намаганьнямі па абароне правоў чалавека, плюралістычнай дэмакратыі і прававой дзяржавы ў вашай краіне", — гаворыцца ў лісьце старшыні камітэту Ганны Шабатавай.

"Мы вельмі высока цэнім перадусім два аспэкты вашай дзейнасьці, — зазначаецца ў лісьце. — Першы аспэкт — гэта разнастайнасьць поглядаў і пазыцый беларусаў, якія супрацьстаяць аўтарытарнай палітычнай сыстэме дыктатара Лукашэнкі". Той факт, што "дзеля гэтай мэты аб'ядналіся лібэральныя дэмакраты, хрысьціянскія і сацыяльныя дэмакраты, апазыцыйныя камуністы і людзі іншых ідэйных арыентацый, сьведчыць пра тое, што ваша Беларусь — Беларусь дэмакратычнай апазыцыі і праваабаронцаў — ужо цяпер зьяўляецца часткай Рады Эўропы і Эўрапейскага Зьвязу і што ў будучыні яна зойме ў гэтых эўрапейскіх структурах месца, якое ёй належыць".

"Нас цешыць і другі элемэнт вашай дзейнасьці — вы ў рознай ступені арыентуецеся як на эўрапейскія краіны на захад ад Беларусі і іх структуры, так і на Расею, з чыім народам вы стагодзьдзямі падзялялі агульны лёс", — гаворыцца ў лісьце.

У сувязі з гэтым Чэскі Хэльсынскі камітэт запэўнівае, што "парушэньне правоў чалавека ў Беларусі не зьяўляецца нагодай для выказваньня сымпатыі ці агіды да якіх бы то ні было сілаў у Расейскай Фэдэрацыі і іх палітычных ці эканамічных інтарэсаў". "Мы лічым, што Чэская Рэспубліка, таксама як Эўразьвяз і Рада Эўропы, членам якой Чэхія зьяўляецца, павінны падтрымліваць вашы намаганьні як з пункту гледжаньня парушэньня і шанаваньня правоў чалавека ў Беларусі, так і ў інтарэсах Беларусі як сацыяльнай дзяржавы, а з часам і дэмакратычнай прававой дзяржавы, а не з арыентацыяй на свае рэальныя ці ўяўныя палітычныя і эканамічныя інтарэсы адносна Расейскай Фэдэрацыі і Ўкраіны", — зазначаецца ў лісьце.

Аўтар падкрэсьлівае, што "пераважная большасьць чэскага народу падтрымлівае барацьбу беларусаў за абарону правоў чалавека і за дэмакратычную прававую дзяржаву".