Васіль Парфянкоў. Партрэт на фоне кратаў

Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў. 17 лютага пачынаецца першы суд за Плошчу – у судзе Фрунзенскага раёну Менску судзяць Васіля Парфянкова.
Пабачыўшы гэтае імя ў сьпісе фігурантаў справы аб масавых непарадках 19 сьнежня, я адразу згадала васьмімесячную вахту памяці ў Курапатах, месцы згубы ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у 2001-2002 гадах. Гэты невысокі і на першы погляд непрыкметны хлопчык бадай больш за ўсіх часу правеў у Курапатах, баронячы ўрочышча ад будаўніцтва кальцавой дарогі.

У кнізе “Дарога праз Курапаты” (кніга аднаго рэпартажу), выдадзенай у сэрыі “Бібліятэка Свабода. XXIстагодзьдзе” імя Васіля Парфянкова згадваецца на розных старонках больш за 50 разоў.

Ён нарадзіўся 30 жніўня 1983 году ў Менску, скончыў 9 клясаў менскай школы №163, працаваў аўтасьлесарам ў 7 аўтапарку Менску. Прыйшоўшы у Курапаты 9 лістапада 2001-га, калі бульдозэры валілі крыжы, а спэцназаўцы зьбівалі абаронцаў урочышча, Васіль застаўся ў Курапатах да самага завяршэньня вахты памяці 3 чэрвеня 2002-га.

Васіль Парфянкоў заставаўся ў Курапатах і ў лютыя маразы, і ў працяглыя залевы, амаль не згарэў у намёце, які падпалілі невядомыя. Я цяпер прыпамінаю ягоныя рукі, счарнелыя ад нарыхтоўкі дроваў і падтрыманьня вогнішча, часта прастуджаны голас... Васіль ня быў надта красамоўным і патэтычным, ён ня ўмеў прыгожа гаварыць, і звычайна ягоныя паплечнікі часьцей давалі інтэрвію “Свабодзе”, якая штодня 250 дзён рабіла рэпартаж з Курапатаў.

19 красавіка 2002 году. Васіль Парфянкоў ля згарэлага намёту

Васіль Парфянкоў проста рабіў тое, што лічыў патрэбным – абараняў месца масавых рэпрэсій. Яму дасталася цяжкая чарнавая праца, Васіль дзяжурыў ва ўрочышчы круглыя суткі, разам з актывістамі КХП-БНФ добраўпарадкоўваў Курапаты, майстраваў крыжы, гатаваў ежу. 11 сакавіка 2002-га году ён сказаў мне ў інтэрвію пра Курапаты: “Гэта, можна сказаць, мой другі дом”.

Я ня ведаю, чым займаўся Васіль далей. Кажуць, што езьдзіў ў Кіеў на Майдан падтрымаць Аранжавую рэвалюцыю. Як паведамляе праваабарончы цэнтар “Вясна”, Васіля неаднаразова затрымлівалі, ён адбываў адміністратыўныя тэрміны ў ізалятары на Акрэсьціна за сваю грамадзкую актыўнасьць. Ён супрацоўнічаў з кампаніяй “Гавары праўду!”, быў актывістам штаба Уладзімера Някляева. Затрыманы 4 студзеня ў якасьці падазраванага па крымінальнай справе аб масавых беспарадках. Знаходзіцца пад вартай у СІЗА па вуліцы Валадарскага.

17 лютага пачынаецца першы суд за Плошчу. Над Васілём Парфянковым.

Васіль, трымайся! Пра цябе памятаюць і цябе падтрымліваюць...


Усе партрэты на фоне кратаў