Польшча хоча супрацоўнічаць зь Беларусьсю ў межах Усходняга партнэрства

  • БелаПАН
Паўнамоцны прадстаўнік МЗС Польшчы ў справе дзейнасьці ініцыятывы Эўразьвязу "Ўсходняе партнэрства" Анджэй Цашкоўскі заявіў польскаму Інфармацыйнаму радыёагенцтву 15 лютага, што яго краіна ня хоча адмаўляцца ад супрацоўніцтва зь Беларусьсю, але тая сама сябе ізалюе, праводзячы палітыку рэпрэсій.

"Мы ня маем намеру выключаць беларускія суб'екты і няўрадавыя арганізацыі, тым больш што праект тычыцца супрацоўніцтва менавіта зь імі", — сказаў Цашкоўскі.

Ён падкрэсьліў, што выключэньне Беларусі з праекту ЭЗ, скіраванага на Ўсход, абмежавала б магчымасьць супрацоўніцтва беларускай грамадзянскай супольнасьці з арганізацыямі ў Эўразьвязе, у тым ліку польскімі.