Пяць хвілін сэксуальнай свабоды

14 лютага з нагоды Дня закаханых актывісты руху сэкс-меншасьцяў правялі ў Менску пікет супраць гамафобіі ў беларускім грамадзтве. Такая акцыя была дазволеная ўладамі ўпершыню.

"Беларусь — без гамафобаў!", "Роўныя правы без кампрамісаў!", — гэткія лёзунгі скандавалі ўдзельнікі пікету супраць гамафобіі ў сквэры насупраць будынку Міністэрства юстыцыі Беларусі. Яны таксама трымалі плякаты з надпісамі:"Кахай каго хочаш!", "Каханьне — гэта асноўнае права чалавека", "Гамафобія = фашызм". Пікет доўжыўся каля 5 хвілін. Такую сьцісласьць арганізатары патлумачылі марозным надвор'ем. У бязьлюдным сквэры ягоных удзельнікаў змаглі пачуць і пабачыць толькі журналісты і супрацоўнікі сілавых органаў у цывільным.

Арганізатар акцыі Сяргей Прадзед паведаміў, што ўлады дазволілі ім пікеты ў чатырох месцах Менску, але ўсе гэтыя месцы бязьлюдныя.

"Галоўнае, што гэта адбылося, што мы выйшлі, што ў нас ёсьць цяпер досьвед атрыманьня дазволу на акцыі, чаго дагэтуль не было".

Сяргей Прадзед кажа, што праблема гамафобіі для Беларусі вострая, бо ўлады нічога ня робяць для барацьбы зь неталерантнасьцю адносна сэксуальных меншасьцяў.

"Таму людзі баяцца адкрыта быць самімі сабою, што прыводзіць да досыць глыбокіх праблем, у тым ліку сямейных, псыхалягічных… Грамадзтва дастаткова гамафобнае ў нас, а таксама сярод уладаў шмат гамафобаў. Але называць усе ўлады гамафобнымі будзе няправільна".

Сяргей Прадзед паведаміў, што на гэтым тыдні ён з аднадумцамі зьбіраецца падаць на рэгістрацыю ў Мін'юст Беларусі статут сваёй арганізацыі "Айдаха-Беларусь", якая стане часткай міжнароднай структуры.


На акцыю супраць гамафобіі прыйшло некалькі дзяўчат. Гаворыць адна зь іх, Алеся:
быць геем ці лесьбіянкай — гэта зьяўляецца неад'емнай часткай чалавека ...

"Заўсёды ўзьнікаюць спрэчкі, заўсёды непаразуменьні. Некаторыя людзі ня ведаюць нават асноўнага, лічаць, што быць геем ці лесьбіянкай — гэта нібыта выбар. Насамрэч гэта зьяўляецца неад'емнай часткай чалавека — бяз розьніцы, гетэра- ці гомасэксуальнасьць".

Яе сяброўка кажа, што на такія акцыі ёй прыходзіць спачатку страшна, але потым ужо прывычней, таксама як і гей-парады для абываталяў бываюць спачатку незвычайнымі, а потым — звыклымі. Беларускія геі таксама хацелі б правесьці і свой гей-прайд, як гэта робіцца ў краінах Эўропы.

Фэсты "Гей-прайд" у Менску ўжо бывалі — у 1999 і 2001 гадах, і тады яны былі дазволеныя ўладамі. Для іх правядзеньня выкарыстоўваліся памяшканьні кінатэатраў і клюбаў. Пазьней беларускія ўлады адмовіліся ад такой талерантнасьці. Гаворыць прадстаўнік гей-супольнасьці са Стакгольма Павал Галушка, які пабываў на менскім пікеце:

"Потым у Беларусі стала горш. Улада пачала пускаць карані ва ўсе структуры, каб кантраляваць іх да дробязяў".