Натальля Аляксандрава: “Зьнялі чалавека, якога ненавідзела ўся нацыя”

Госьця “Начной Свабоды: вынікаў дня” – гісторык, супрацоўніца турыстычнай фірмы Натальля Аляксандрава. З 1998 году Натальля жыве ў Каіры. Яе кватэра – за 500 мэтраў ад пляцу Тахрыр – эпіцэнтру масавых пратэстаў апошніх тыдняў.

Бушлякоў: Вы жывяце недалёка ад эпіцэнтру каірскіх падзеяў. Што адбылося пасьля таго, як Мубарак падаў у адстаўку?

Аляксандрава: Каір выбухнуў. Сёньня дзень быў вельмі ціхі. Недзе воддаль чуліся лёзунгі дэманстрантаў. Пасьля ўчорашняга выступу Мубарака народ быў вельмі незадаволены. І гэтая цішыня захоўвалася да 6-й вечара. І тады Каір выбухнуў. Гэтага нельга перадаць.

Бушлякоў: Ці сапраўды на сёньняшні дзень назіраецца настолькі выразнае непрыманьне Мубарака ў эгіпецкім грамадзтве? Якія суадносіны прыхільнікаў і праціўнікаў Мубарака ў краіне?

Аляксандрава: Складана даць нейкую адсоткавую ацэнку. Я рызыкну сказаць, што 90 да 10. Вядома, ёсьць нейкія прыхільнікі Мубарака. Але іх вельмі мала. У асноўным народ стаміўся. І нянавісьць да Мубарака была выяўленая досыць ярка.

Бушлякоў: Даволі часта гучыць думка, што сыход Мубарака прынцыпова нічога не мяняе ў сытуацыі ў Эгіпце: улада па-ранейшаму застаецца ў руках у вайсковых, Амар Сулейман прызначыў вайсковую раду, якая будзе кіраваць краінаю. Як вы ставіцеся да такой ацэнкі?

Аляксандрава: Лёс Сулеймана пакуль што невядомы, але сышлі ў адстаўку і Мубарак, і Сулейман. І ўлада перададзеная ў рукі вайскоўцаў. Яны і будуць кантраляваць сытуацыю ў краіне. Я ня думаю, што шмат што зьменіцца ў краіне. Таму што ў любым выпадку гэтай краінай кіравалі вайскоўцы, Мубарак – той жа вайсковец.

Бушлякоў: Вы – замежніца ў Эгіпце. Наколькі бясьпечна вы пачуваецеся ў Каіры, у Эгіпце, пагатоў у цяперашняй сытуацыі?

Аляксандрава: Абсалютна бясьпечна. Калі я была на плошчы Тахрыр, я была адзінай жанчынай-іншаземкай. Я чалавек высокі, белы, бляндыністы, не закрываюся, хаджу ў эўрапейскім адзеньні, таму вылучаюся з натоўпу. Калі яны ўбачылі, што я жанчына-іншаземка, мне зрабілі калідор, каб выйшла з натоўпу, і я зусім спакойна выйшла. Пры гэтым ніхто не сказаў ніводнага нэгатыўнага слова, не было ніводнага сэксуальнага намёку. Вельмі паважліва. За ўвесь час, што я жыву ў Каіры, я ніколі не адчувала ў адносінах да сябе ніякага гвалту, ніякага перасьледу.

Бушлякоў: У сувязі з масавымі пратэстамі ў Эгіпце турысты з усяго сьвету пакідалі эгіпецкія курорты? Ці ў бясьпецы будуць цяпер тыя, хто, нягледзячы ні на што, паедзе адпачываць у Эгіпет?

Аляксандрава: Эгіпет бясьпечны. Сапраўды бясьпечны. Гэта я гарантую на 100%. Асабліва курорты. Няхай да нас едуць людзі назад, мы іх вельмі чакаем.

Слухаць гутарку цалкам: