Дэлегацыя Эўрапарлямэнту скасавала свой візыт у Менск

  • БелаПАН

Яцэк Пратасевіч.

Візыт у Беларусь дэлегацыі Эўрапарлямэнту не адбудзецца з-за немагчымасьці сустрэцца з затрыманымі апазыцыянэрамі.

Пра гэтае рашэньне паведаміў старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту па адносінах зь Беларусьсю Яцэк Пратасевіч.

"Ня мае сэнсу сустракацца толькі з афіцыйнымі асобамі і прадстаўнікамі ўладаў",— цытуе Пратасевіча Польскае агенцтва друку (PAP). Акрамя таго, адзначыў дэпутат, беларускі бок даў зразумець, што ня ўсе сябры дэлегацыі могуць атрымаць візы на ўезд у Беларусь.

Першапачаткова дэлегацыя Эўрапарлямэнту плянавала наведаць Беларусь да 31 студзеня, каб вывучыць умовы, у якіх улады ўтрымліваюць экс-кандыдатаў у прэзыдэнты і іншых апазыцыянэраў, затрыманых пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Эўрапарлямэнтары таксама разьлічвалі сустрэцца зь сем'ямі і адвакатамі затрыманых, незалежнымі журналістамі, праваабаронцамі і прадстаўнікамі ўладаў.

27 студзеня Пратасевіч паведаміў, што візыт у Беларусь адкладзены на месяц "з арганізацыйных прычын, зьвязаных з палітычным становішчам у краіне".

Рашэньне аб адмене паездкі было прынятае сёньня на сустрэчы эўрапарлямэнтароў, якія меліся ўвайсьці ў склад дэлегацыі.