Ці быў агульны сцэнар Плошчы Пазьняка-Някляева і ці мог ён быць рэалізаваны?

Ці сапраўды існаваў адмысловы плян Някляева-Пазьняка наконт Плошчы ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня? Ці рэалістычна было застацца на Кастрычніцкай плошчы, нікуды не ісьці і такім чынам пазьбегнуць правакацыяў улады?

На гэтыя пытаньні адказвае Віктар Карняенка, намесьнік старшыні руху «За свабоду», і Паўлюк Быкоўскі, палітычны аглядальнік газэты «Белорусы і рынок».

Паўлюк Быкоўскі
Віктар Карняенка
Віталь Цыганкоў


Цыганкоў: Ва Ўладзімера Някляева быў адмысловы плян на Плошчу — масавую акцыю, якая загадзя плянавалася апазыцыяй на 19 сьнежня 2010 году. Калі б гэты плян быў рэалізаваны, не было б тых наступстваў — жорсткага разгону дэманстрантаў міліцыяй, «штурму» Дома ўраду, крымінальнай справы аб масавых беспарадках, палітычных зьняволеных і эўрапейскіх санкцыяў. Як сьцьвярджае інтэрнэт-газэта Naviny.by, http://www.svaboda.org/content/article/2301236.html, галоўным пунктам пляну Някляева было падчас мітынгу на Кастрычніцкай плошчы аб’явіць пра заснаваньне руху «За новыя выбары без Лукашэнкі» і пасьля гэтага разысьціся, нікуды не ісьці, і рыхтавацца да далейшых дзеяньняў. Наколькі рэалістычным вам падаецца такі варыянт разьвіцьця падзеяў? Ці была б згода ў іншых палітыкаў на такі сцэнар?

«Аўтары гэтай канцэпцыі гавораць як прарокі мінулага»


Карняенка: Упэўнены, што згоды на такі сцэнар у іншых кандыдатаў і многіх людзей, што сабраліся на Плошчы, не было б. Па сутнасьці, такі сцэнар быў рэалізаваны ў 2001 годзе, калі сабраліся, заснавалі, разышліся і назаўтра пра ўсё забылі. У такога пляну шмат хібаў — там, напрыклад, плянавалася правесьці структурызацыю на Кастрычніцкай плошчы, разьбіць людзей па раёнах… Мякка кажучы, гэта сьведчыць пра тое, што прапанову ўносілі людзі, якія занадта даўно займаліся арганізацыяй масавых мерапрыемстваў.
Мякка кажучы, гэта сьведчыць пра тое, што прапанову ўносілі людзі, якія занадта даўно займаліся арганізацыяй масавых мерапрыемстваў.

Я магу пагадзіцца з тым, што ўладзе, сапраўды, не спадабаўся сцэнар, паводле якога людзі заставаліся на Кастрычніцкай плошчы. І гэта, відаць, і выклікала атаку на Някляева яшчэ задоўга да таго, як скончыўся час галасаваньня. І ўлады ведалі пра пазыцыю іншых кандыдатаў, што яны будуць прапаноўваць шэсьце і гэтак далей. Магчыма, гэта рэалістычна — абвясьціць у мэгафон, што мы ствараем чарговы рух. Але чаму раптам ад гэтага пачнецца нейкая новая эфэктыўная палітыка — гэта проста дзіўна і сьмешна чуць.

Галоўны крытэр любога масавага мерапрыемства — нарастаньне колькасьці пратэстоўцаў, а ня тое, якія геніяльныя ідэі нехта скажа ў мікрафон. З гэтага пункту гледжаньня, сцэнар, прапанаваны Зянонам Пазьняком, не вытрымлівае ніякай крытыкі.

Цыганкоў: Але прыхільнікі гэтага пляну (аб’явіць пра заснаваньне руху «За новыя выбары без Лукашэнкі» і пасьля гэтага разысьціся) скажуць, што пры ўмове ягонага выкананьня не было б ані масавых арыштаў, ані каляпсу ў адносінах з Захадам.

Карняенка: Я ня думаю, што нават, калі б людзі засталіся на Кастрычніцкай плошчы, можна было б прадухіліць усе магчымыя правакацыі. На Кастрычніцкай таксама хапае будынкаў, пашкоджаньні якіх улада магла б кваліфікаваць як замах на існуючы лад. Таму галоўнае ня ў тым, пайшлі на Незалежнасьці ці не пайшлі. Галоўнае ў тым, што не знайшлося чалавека, які сваім аўтарытэтам паўплываў бы і на гарачыя галовы, якія былі, і прадухіліў правакацыі.

У такім сцэнары — «калі б паслухалі нас, то мы жылі б у іншым грамадзтве» — гучаць галасы прарокаў мінулага, якіх вельмі шмат. І аўтары гэтай канцэпцыі нічым ад іх не адрозьніваюцца. Рэальны палітык павінен прапаноўваць эфэктыўны і дзейсны сцэнар, які павінен дасягаць мэты ў дзейсных умовах.

«Мае месца і перацягваньне коўдры, і падвышэньне ўвагі да аднаго з палітычных гульцоў»


Цыганкоў: Сапраўды, варта троху нагадаць атмасфэру, якая была напярэдадні 19 сьнежня ў грамадзтве і прэсе. Многія палітыкі і актывісты заяўлялі, што не павінна быць такога, як у 2001 і ў 2006 годзе. Кандыдат у прэзыдэнты Мікола Статкевіч падчас онлайну на Радыё Свабода заяўляў, што калі пастаім і разыдземся, то мне будзе сорамна. Людзі хацелі кудысьці ісьці, нешта рабіць. Паўлюк, з гэтага пункту гледжаньня, наколькі рэалістычным уяўляецца вам сцэнар Пазьняка, апісаны ў інтэрнэт-газэце naviny.by?

Быкоўскі: Шчыра кажучы, у мяне няма нават уражаньня, што такі сцэнар быў.
Шчыра кажучы, у мяне няма нават уражаньня, што такі сцэнар быў.
Адзінае, пра што мы можам казаць — адзін з палітыкаў (Беленькі) сьцьвярджае, што пра нешта дамаўляўся зь іншым палітыкам. Аднак той (Някляеў) пакуль нічога сказаць пра гэта ня можа. У гэтай сытуацыі з улікам таго, што спадар Някляеў меў імідж прарасейскага кандыдата, аб’яднаньне яго зь Зянонам Пазьняком выглядае трошкі непраўдападобна.

Іншы момант — Уладзімер Някляеў меў на той момант самую вялікую рэсурсную кампанію. Шмат якія палітыкі спрабавалі да яе прытуліцца. У апошні момант аказалася, што Мікола Статкевіч падтрымлівае Някляева, ён прыйшоў да ягонага штабу і пачаў рух на Плошчу адтуль.

Што тычыцца тэлефонных перамоваў спадара Беленькага са спадаром Някляевым, то найхутчэй гэта была просьба даць магчымасьць выступіць на мітынгу.

Так што тут, я думаю, мае месца і перацягваньне коўдры, як гэта звычайна бывае ў палітыцы, падвышэньне ўвагі да аднаго з палітычных гульцоў, які падчас выбараў займаў ня самую актыўную пазыцыю.

«Улады былі запраграмаваны на канфлікт, і нешта супрацьпаставіць гэтаму сцэнару было вельмі складана»


Цыганкоў: Віктар Карняенка, вы ўжо пачалі ўзгадваць, што ўлады маглі ажыцьцявіць правакацыі і на Кастрычніцкай плошчы. Я нагадаю, што, як зараз становіцца вядома, улады даўно рыхтаваліся да сілавога варыянту. Яны ўключылі моцныя дынамікі, расейскую папсу, каб людзі не хацелі знаходзіцца на Кастрычніцкай плошчы. Калі ўлада хацела арганізаваць сутыкненьні, ці можна было іх пазьбегнуць?
Улады былі запраграмаваны на канфлікт, і нешта супрацьпаставіць гэтаму сцэнару ўлады было вельмі складана.


Карняенка: Думаю, што ўлады былі запраграмаваны на канфлікт, і нешта супрацьпаставіць гэтаму сцэнару ўлады было вельмі складана (тым больш, што ў кожнага з кандыдатаў былі свае намеры). Тое, што зараз надрукавалі — гэта ні да чаго не магло прывесьці, гэта проста летуценьні. Гэта не сцэнар на перамогу, на разьвіцьцё. Гэта сцэнар выхаду аднаго з кандыдатаў з той тупіковай сытуацыі, у якую ён разам зь іншымі быў загнаны прэзыдэнцкай кампаніяй.

Быкоўскі: Я пагаджуся са спадаром Карняенкам. Я ня думаю, што пры выкананьні гэтага пляну, калі ён сапраўды існаваў, людзі, па-першае, паслухаліся б. Нагадаю, што перад гэтым была «рэпэтыцыя Плошчы», і там удзельнічала каманда Някляева, і людзі тады хадзілі па праспэкце. Па-другое, ня думаю, што можна было б пазьбегнуць правакацыяў. Калі мы дапускаем, што правакацыі былі арганізаваныя ўладай, то нішто не перашкаджае зрабіць тое самае і пры рэалізацыі сцэнару, пра якія піша інтэрнэт-выданьне naviny.by.