Зянон Пазьняк

Зянон Пазьняк нарадзіўся 24 красавіка 1944 года ў мястэчку Суботнікі Іўейскага раёна Гарадзенскай вобласьці. Тут жа скончыў сярэднюю школу. У 1967 годзе скончыў Беларускую Мастацкую Акадэмію (тады – Беларускі Дзяржаўны Тэатральна-мастацкі Інстытут), мастацтвазнаўчае аддзяленьне. У 1972 годзе скончыў асьпірантуру пры Інстытуце Этнаграфіі, Мастацтвазнаўства і Фальклёру Акадэміі Навук Беларусі. У 1981 годзе абараніў дысертацыю ў Ленінградзе па гісторыі беларускага тэатру.

Займаўся мастацтвазнаўствам. Пасьля чарговых палітычна-адміністрацыйных рэпрэсіяў (1974 г.) і пазбаўленьня працы ў інстытуце Мастацтвазнаўства займаўся археалёгіяй (з 1976 г.). Працаваў старшым навуковым супрацоўнікам у адзеле археалёгіі Інстытута гісторыі Акадэміі Навук. Вывучаў пэрыяд позьняга сярэднявечча ў Беларусі. (Раскопкі Менска, Лоска і іншых беларускіх гарадоў і мястэчак.) Шмат зрабіў для захаваньня гістарычнай спадчыны і помнікаў архітэктуры старога Менску. Адстаяў ад разбурэньня гістарычныя кварталы Менску: Траецкае прадмесьце, Верхні горад, Ракаўскае прадмесьце.

У 1988 годзе адкрыў для беларускай і сусьветнай грамадзкасьці і археалягічна дасьледваў масавыя пахаваньні людзей у Курапатах, расстраляных ворганамі НКВД. Зянон Пазьняк – адзін з актыўных заснавальнікаў і Старшыня Мартыралёгу Беларусі (1988 г.) і Беларускага Народнага Фронту “Адраджэньне” (1988 г.).
З траўня 1990 года па студзень 1996 г – дэпутат Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, кіраўнік дэпутатцкай Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце. Найбольш важныя справы, зьдзейсьненыя пад яго кіраўніцтвам у гэты час: адкрыцьцё праўды беларусам пра маштабы Чарнобыльскай катастрофы (1989-1990 гг.), вяртаньне незалежнасьці Беларусі (1991 г.), нацыянальнага Бел-Чырвона-Белага Сьцягу, гэрбу Пагоня і суверэнітэту краіны, распрацоўка сацыяльна-эканамічнага заканадаўства, якое стварыла аснову незалежнасьці краіны, вярнула беларусаў з «гарачых кропак» савецкай імпэрыі на радзіму.

У 1992 годзе пад кіраўніцтвам Зянона Пазьняка апазыцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце створана Канцэпцыя эканамічнага разьвіцьця дэмакратычнай незалежнай Беларусі (апублікавана у «Народнай газэце» 16.04.1992 г.).

З траўня 1996 году – у палітычнай эміграцыі. Старшыня Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» і Кансэрватыўна-Хрысьціянскай Партыі – БНФ . Сябра Беларускага ПЭН-цэнтру. (Біяграфія друкуецца паводле афіцыйнага сайту Зянона Пазьняка www.pazniak.org).

У інтэрвію Радыё Свабода, ацэньваючы значнасьць Курапатаў для асэнсаваньня беларускай нацыяй сваёй гісторыі, Зянон Пазьняк сказаў: "Цераз усьведамленьне праўды пра генацыд Курапаты мабілізавалі народ (лепшых ягоных прадстаўнікоў) на змаганьне за Беларусь, за волю і справядлівасьць. Курапаты далі штуршок да зьмёртвыхустаньня Беларускай нацыі".