У чацьвер 3 ліпеня на пытаньні нашых слухачоў і наведнікаў вэб-сайту Свабоды адказаў Часовы Павераны ЗША ў Беларусі Джонатан Мур.
Джонатан Мур прыбыў у Беларусь 25 ліпеня 2006 года ў якасьці намесьніка кіраўніка місіі ў амбасадзе ЗША ў Беларусі.
Спадар Мур пачаў дыпляматычную працу ў 1990 годзе. Яго першым месцам прызначэньня была амбасада ЗША ў Белградзе. З 1993 па 1995 год ён працаваў у аддзеле па справах былой Югаславіі Дзярждэпартамэнту ЗША, а з 1995 па 1999 год зьяўляўся кіраўніком палітыка-эканамічнага аддзелу амбасады ЗША ў Вільні. Пасьля працы на працягу году ў офісе па палітычных пытаннях сьпікера Палаты прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША Дэніса Хастэрта, Джонатан Мур з 2000 па 2002 год займаў пасаду намесьніка дырэктара ўпраўлення Дзярждэпартамэнту ЗША па справах Расеі. На пачатку 2002 году ён таксама некалькі месяцаў выконваў абавязкі дырэктара гэтага ўпраўленьня. З 2002 па 2005 Джонатан Мур зьяўляўся намесьнікам амбасадара ЗША ў Віндхуку (Намібія). Перад прыездам у Менск ён працаваў навуковым супрацоўнікам па пытаньнях нацыянальнай бясьпекі ў інстытуце Гувэра пры Стэнфардскім унівэрсытэце.
Джонатан Мур і яго жонка маюць двух дачок. Спадар Мур валодае шэрагам ганаровых узнагарод Дзярждэпартаменту ЗША, а таксама дзьвюма ўзнагародамі Амэрыканскай дыпляматычнай асацыяцыі за прафэсійнае валоданьне мовамі. Акрамя таго, прэзыдэнт Літвы ўзнагародзіў яго Рыцарскім крыжам ордэна Вялікага князя Гедыміна.
Джонатан Мур валодае сэрбскай і літоўскай мовамі, а таксама размаўляе на рускай, нямецкай і дацкай мовах.