За вызваленьне палітвязьняў хадайнічаюць 2600 менчукоў

Лідэры Партыі БНФ перадалі ў пракуратуру Менску сабраныя на працягу мінулых тыдняў шматлікія хадайніцтвы за зьмену меры стрыманьня арыштаваным паводле крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня. За вызваленьне палітзьняволеных з турмы і з-пад хатняга арышту падпісаліся 2600 менчукоў.

Лісты-хадайніцтвы грамадзян за кожнага з палітзьняволеных у менскую пракуратуру прынёс кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч і двое ягоных намесьнікаў – Рыгор Кастусёў і Ігар Лялькоў. Партыйных кіраўнікоў разам з недзяржаўнымі журналістамі сустрэла адпаведная колькасьць сілавікоў у цывільным і аўтобус з АМАПам у бліжэйшым двары. Ад пачатку і да завяршэньня працэдуры перадачы яны суправаджалі і фільмавалі кожны крок усіх прысутных. Перад уваходам у будынак пракуратуры Аляксей Янукевіч сказаў:

"Тут хадайніцтвы за ўсіх зьняволеных людзей. Бачыце – у кожным капэрце – за асобнага чалавека лісты з хадайніцтвамі. За адных падпісваліся больш, за іншых менш, а таксама прыходзілі людзі і падпісваліся за ўсіх. Сярод вядомых асобаў – Уладзімер Арлоў, Аляксей Марачкін, Аляксандар Мілінкевіч, а таксама шэраг іншых вядомых асобаў таксама падпісаліся".

Паводле дзейнага заканадаўства, хадайніцтва ня менш за двух чалавек дае падставу для зьмены меры стрыманьня зьняволенага. У сваю чаргу падпісанты бяруць на сябе юрыдычную адказнасьць за тое, што абвінавачаныя ня будуць парушаць умоў стрыманьня. Такія лісты-хадайніцтвы ў пракуратуру партыя БНФ перадае не ўпершыню, кажа намесьнік старшыні Рыгор Кастусёў:

"Мы ўжо перадавалі раней такія ж хадайніцтвы за Уладзімера Някляева і Ірыну Халіп за два дні да іх вызваленьня. Ім была зьмененая мера стрыманьня, праўда, ня ў той меры, аб якой мы прасілі, але ўсё ж гэта станоўчы вынік. Спадзяёмся на станоўчыя вынікі і адносна астатніх людзей".


Акцыю салідарнасьці за вызваленьне ўсіх палітвязьняў партыя БНФ распачала ў Менску, але зараз яна доўжыцца і ў рэгіёнах краіны. Там сабрана больш за 1500 подпісаў, многія дасылаюць свае хадайніцтвы непасрэдна ў пракуратуру поштаю. Гэткім чынам збор подпісаў пад хадайніцтвамі працягваецца, паведаміў намесьнік старшыні партыі Ігар Лялькоў:
Відаць, што падзеі 19 сьнежня істотна ўскалыхнулі грамадзтва ...

"Збор ідзе дастаткова лёгка ў Менску, і такая ж сытуацыя ў рэгіёнах. Відаць, што падзеі 19 сьнежня істотна ўскалыхнулі грамадзтва. І менавіта ў гэтай галіне салідарнасьці са зьняволенымі людзі знаходзяць сваю магчымасьць унёску ў тое, каб зьмяніць сытуацыю ў нашай краіне".

Як паведаміў Аляксей Янукевіч, хадайніцтвы былі перададзеныя дзяжурнаму пракурору на прозьвішча Барысенка, які ад імя пракуратуры паабяцаў даць адказ заяўнікам у адпаведнасьці з адведзенымі на гэта тэрмінамі.