Неабходна заснаваць Саюз дэмакратычных сілаў і вылучыць агульнанацыянальнага лідэра

Станіслаў Багданкевіч

Спачатку некалькі канстытуцыйных ісьцін. У дэмакратычнай краіне адзіная крыніца дзяржаўнай улады — народ. Ва ўмовах дэмакратыі, якая грунтуецца на свабоднай дзейнасьці розных палітычных інстытутаў, ідэалёгій і поглядаў, народ абірае прэзыдэнта, парлямэнт, мясцовую ўладу. Праз выбары пэрыядычна забясьпечваецца абнаўленьне і зьмена ўлады.

Ці ёсьць у Беларусі дэмакратыя — асноватворная ўмова забесьпячэньня народаўладзьдзя? Ці выконваецца ў краіне канстытуцыйная норма аб недапушчальнасьці манапалізацыі дзяржавай тэлебачаньня, радыё, іншых СМІ? Недапушчальнасьці цэнзуры? Ці выконваецца канстытуцыйная норма, якая гарантуе палітычным партыям права свабодна разьвівацца і карыстацца дзяржаўнымі СМІ? Ці забясьпечваецца на практыцы шэраг іншых асноватворных канстытуцыйных нормаў: аб падзеле і ўзаемным ураўнаважваньні заканадаўчай, выканаўчай і судовай улады, аб праве грамадзян на свабоднае правядзеньне сходаў, мітынгаў, вулічных шэсьцяў, дэманстрацыяў і пікетаў? Ці гарантуецца ўладай вартая даверу сыстэма падліку галасоў выбарцаў?
Шляхам выбараў немагчыма замяніць дзеючы ў краіне аўтарытарна-дыктатарскі рэжым на дэмакратычны...


На гэтыя пытаньні любы добрасумленны аналітык адназначна адкажа — у Беларусі няма дэмакратыі. А такім чынам, няма ўмоў для справядлівага фармаваньня органаў улады. Гэта значыць, што шляхам выбараў немагчыма замяніць дзеючы ў краіне аўтарытарна-дыктатарскі рэжым на дэмакратычны. Немагчыма забясьпечыць вяртаньне краіны на шлях канстытуцыйнай законнасьці.

Гэта не азначае, што шлях да дэмакратыі ў Беларусі ляжыць выключна праз рэвалюцыйныя выступы народу супраць рэжыму, які ўзурпаваў уладу, накшталт тых, якія адбываліся ў іншых аўтарытарна-дыктатарскіх краінах: Грузіі, Украіне, Кіргізіі, Тунісе, Эгіпце. Наш шлях — шлях дыялёгу, перамоваў, кампрамісу. У Беларусі сёньня няма рэвалюцыйнай сытуацыі. Жаданьне дэмакратычных пераменаў не зрабілася пераважным. Уладная прапагандысцкая машына досыць эфэктыўная. Сацыялягічныя апытаньні сьведчаць, што ў часткі беларускага электарату захоўваецца ілюзія падтрыманьня ўладай сацыяльнай справядлівасьці. Шмат у чым гэта тлумачыцца тым, што ўзровень беспрацоўя невысокі, што мінімальныя матэрыяльныя патрэбы насельніцтва забясьпечаныя. У апошнія гады — за кошт спаўзаньня ў даўгавую яму, з дапамогай вялізарных зьнешніх пазык і продажу дзяржмаёмасьці. Эканоміка неэфэктыўная, краіна жыве не па сродках, аднак гэта замоўчваецца. Замоўчваецца таксама факт павелічэньня адставаньня краіны ад заходніх суседзяў, якія абралі дэмакратыю і рынак. Напрыклад, паводле паказчыка сярэдняй зарплаты мы пры роўнавялікіх цэнах адстаем ад Польшчы, зь якой мелі аднолькавыя зыходныя пазыцыі, больш чым у тры разы.
Жаданьне дэмакратычных пераменаў не зрабілася пераважным. Уладная прапагандысцкая машына досыць эфэктыўная ...

Зразумела, факт адсутнасьці ў краіне дэмакратыі і, такім чынам, умоў для правядзеньня свабодных і справядлівых выбараў быў вядомы задоўга да апошняй прэзыдэнцкай кампаніі зь яе крывавым завяршэньнем. Патрабаваньні дэмакратычных сілаў аб хаця б мінімальнай дэмакратызацыі, у прыватнасьці што да фармаваньня выбарчых камісій на плюралістычнай аснове, адкрытага падліку галасоў, рэглямэнтацыі датэрміновага галасаваньня, што зьменшыла б падазрэньні ў фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня, уладай пастаянна ігнараваліся. У гэтай сытуацыі ў апазыцыі былі два шляхі: байкот "выбараў" або фармальны ўдзел у іх дзеля інфармацыйных мэтаў. Дэмакратычная апазыцыя абрала другі шлях. Яна дэ-факта ўдзельнічала ня ў "выбарах", а ў грамадзка-палітычнай кампаніі, закліканай выкарыстоўваць існуючыя магчымасьці больш свабодных сустрэч з народам для выкрыцьця аўтарытарна-дыктатарскага рэжыму, які ўкараніўся ў краіне, для дэзамбаваньня пэўнай часткі насельніцтва.

У гэтых умовах адсутнасьць у апазыцыі адзінага кандыдата ў прэзыдэнты не было перашкодай для правядзеньня шырокай агітацыйнай кампаніі. Нават наадварот, дазволіла большай колькасьці дэмакратаў заявіць пра сябе ў 30-хвілінных выступах на тэлебачаньні, радыё, паказаць беларускаму народу, што ў краіне ёсьць альтэрнатыўныя, прафэсійна падрыхтаваныя палітыкі, здольныя весьці краіну па шляху прагрэсу. І гэта адыграла сваю ролю. Сілы дэмакратыі ўмацаваліся. Да прыкладу, па Менску, паводле дадзеных НІСЭПД, амаль 60% выбарцаў падтрымалі апазыцыйных кандыдатаў. І гэта ва ўмовах, калі Лукашэнка выкарыстаў нічым не абмежаваныя рэсурсы дзяржавы і выканаўчай улады ўсіх узроўняў для збору подпісаў і правядзеньня агітацыйнай кампаніі (паездкі па краіне, правядзеньне перадвыбарчага Ўсебеларускага сходу з удзелам 2500 дэлегатаў, трансьляцыя ўсіх сваіх рухаў і выступаў, у тым ліку з крытыкай і хамскімі заявамі на адрас іншых кандыдатаў у прэзыдэнты, пазбаўленых магчымасьці публічнага адказу на яго інсынуацыі, і г.д.).
Сілы дэмакратыі ўмацаваліся. Да прыкладу, па Менску, паводле дадзеных НІСЭПД, амаль 60% выбарцаў падтрымалі апазыцыйных кандыдатаў...

Ва ўмовах, калі прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасьці, палітычных партый і грамадзкіх арганізацый пазбаўленыя права на хаця б часовае выкарыстаньне тэлебачаньня, радыё, іншых масавых дзяржаўных СМІ для абгрунтаваньня сваіх прапаноў і праграм, вольнага абмену думкамі, дыялёгу і дыскусій. Ва ўмовах, калі няма магчымасьці адказваць на штодзённую пралукашэнкаўскую прапаганду і абразы на адрас апазыцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты, іх праграм і выступаў. Ва ўмовах нядобрасумленнай куплі галасоў выбарцаў шляхам перадвыбарчага штучнага павышэньня заробкаў, пэнсій, дапамог, вяртаньня адмененых раней ільгот.

Кандыдаты ад апазыцыі ў кантактах з народам, у выступах па тэлебачаньні і радыё аддавалі галоўнаю ўвагу ня столькі тым захадам, якія яны распачалі б у выпадку перамогі на выбарах (такая перамога пры адсутнасьці дэмакратыі апрыёры была немагчымая!), колькі выкрыцьцю беззаконьня, практыкі фальсыфікацыі волевыяўленьня народу, валюнтарызму ва ўнутранай і замежнай палітыцы, патрабаваньням стварэньня дэмакратычных умоў для свабодных выбараў. Натуральна, гэтыя выступы, зыходзячы з усьведамленьня недэмакратычнасьці выбараў, канчаліся заклікам выйсьці на мірную акцыю пратэсту пасьля закрыцьця ўчасткаў для галасаваньня.

Што тычыцца праграм эканамічных пераўтварэньняў, то апошнія, зразумела, шырока распаўсюджваліся. Яны былі ў сваёй аснове аднатыпныя, тычыліся рынкавых пераўтварэньняў, лібэралізацыі пры ўзмацненьні сацыяльнай абароны. На ўзроўні прапаганды яны прынцыпова не адрозьніваліся ад праграмы ўлады. Што да шырокіх масаў электарату, то яны, як правіла, не заглыбляюцца ў тэарэтычныя праграмныя выкладкі, а падтрымліваюць галоўным чынам найбольш раскручаную і харызматычную асобу.

Заклікі да выбарцаў сабрацца ўвечары 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы, каб выказаць публічны пратэст супраць несправядлівых выбараў, былі цалкам абгрунтаваныя і мэтазгодныя.
Біцьцё шкла ў дзьвярах Дому ўраду групкаю каля дзесяці хуліганаў-правакатараў — вынік злачыннага патураньня ўлады...

Уяўляецца слушным рашэньне вядучых лідэраў апазыцыі аб правядзеньні шэсьця на плошчу да Дому ўраду, каб пашырыць колькасьць удзельнікаў пратэставай акцыі, каб выкарыстаць патэнцыял шматтысячнага пратэсту грамадзян для вылучэньня ўладам патрабаваньняў аб правядзеньні перамоваў, аб дэмакратызацыі грамадзкага жыцьця, аб стварэньні ўмоваў для правядзеньня сапраўды свабодных новых выбараў. Гэта была мірная акцыя, якая паказала ўсяму сьвету, што беларусы не прымаюць дыктатарскі рэжым. Яна не суправаджалася ніякімі масавымі беспарадкамі: не было ні перакульваньня і падпалаў машын, ні біцьця шкла і раскраданьня крам, ні іншага вандалізму. Агульнавядома, што напярэдадні выбараў Лукашэнка ўвёў у краіне павышаную сыстэму бясьпекі, правёў нараду зь міністрамі абароны, КДБ, міліцыі, залучыў да падтрыманьня парадку шматлікія атрады сілавых структур. Усё гэта кажа пра абсурднасьць выдумак, што мірныя бяззбройныя грамадзяне здольныя былі на збройны захоп улады.

Апазыцыйныя кандыдаты — не безадказныя самагубцы, не авантурысты. Біцьцё шкла ў дзьвярах Дому ўраду групкаю каля дзесяці хуліганаў-правакатараў — вынік злачыннага патураньня ўлады. Міліцыя пры мінімальным выкананьні сваіх функцый мела ўсе магчымасьці не дапусьціць іх да шкла, неадкладна затрымаць правакатараў з наступным асуджэньнем за хуліганства на 15 сутак.

Аднак улады арганізавалі шырокамаштабную правакацыю. Пад абсурдным лёзунгам здушэньня масавых беспарадкаў сілавыя структуры ажыцьцявілі гэтыя самыя "беспарадкі" — масавае зьбіцьцё мірных грамадзян, арышт больш як 700 чалавек, у тым ліку 7 з 9 кандыдатаў у прэзыдэнты, кіраўнікоў АГП А. Лябедзькі, А. Паўлава. А. Корбана, Ю. Істоміна, учынілі псыхалягічны прэсінг на Я. Раманчука (які ня вытрымаў выпрабаваньня). Прычым шмат каго зьбілі і арыштавалі па-за плошчай, у наступныя дні. У працяг рэпрэсій былі праведзеныя ператрусы ў офісах палітычных партый, праваабарончых арганізацыяў, СМІ — з адабраньнем кампутарнай тэхнікі і сродкаў захоўваньня інфармацыі. Улада імкнецца сілавым шляхам ліквідаваць апазыцыю, здушыць іншадумства, запалохаць людзей. Прыкладна 40 грамадзянам выстаўлены крымінальныя абвінавачаньні ў надуманых масавых беспарадках, за што грозіць пакараньне — да 15 гадоў турмы.
Самы кароткі шлях да аднаўленьня дэмакратыі і канстытуцыйнай законнасьці ў краіне ляжыць праз арганізацыйнае адзінства ўсіх апазыцыйных дэмакратычных сілаў...

Антынародны рэжым Лукашэнкі паказаў сваю сапраўдную сутнасьць. Ён знаходзіцца ў глыбокай ізаляцыі. Цывілізаваны сьвет выявіў шырокую салідарнасьць зь беларускім народам, не прызнаў легітымнымі прэзыдэнцкія выбары, патрабуе вызваленьня палітзьняволеных і спыненьня сфабрыкаваных з палітычных матываў крымінальных спраў, стварэньня ўмоваў для сапраўды свабодных і справядлівых выбараў і правядзеньня такіх выбараў.

Самы кароткі шлях да аднаўленьня дэмакратыі і канстытуцыйнай законнасьці ў краіне ляжыць праз арганізацыйнае адзінства ўсіх апазыцыйных дэмакратычных сілаў, незалежна ад ідэалягічных, палітычных і эканамічных адрозьненьняў і пераваг, праз канцэнтрацыю дзеля гэтай мэты ўсіх рэсурсаў. Мэта ўва ўсіх нас агульная — дэмакратыя. Праграма таксама агульная — забесьпячэньне нормаў і свабодаў, запісаных у Канстытуцыі. Першарадная задача — удасканаленьне Выбарчага кодэксу, дэманапалізацыя тэлеэфіру, стварэньне ўмоваў для свабоднага абраньня народам органаў улады. Апазыцыя павінна задоўга да выбараў мець узгодненую "дарожную карту" і дэталёва распрацаваны плян дзеяньняў, знакавага лідэра. На жаль, такой карты, такога пляну не было ў дэмакратычных сіл у апошнія гады. Нават не было агульнага сцэнару правядзеньня "Плошчы". Гэта асноўная памылка.

На жаль, і сёньня асобныя лідэры, асабліва з маладога пакаленьня палітыкаў, хварэюць на завышаную ганарыстасьць, бачаць у іншых, а не ў сябе, любімых, памылкі, а самі быццам бы заўсёды дзейнічаюць аптымальна, заўсёды кажуць "праўду", валодаюць ісьцінай у апошняй інстанцыі. У той жа час яны расколваюць апазыцыю, выступаюць супраць кааліцыі. Нават на каардынацыю дзеяньняў згодныя толькі на пэрыяд да вызваленьня палітвязьняў. Свае асабістыя амбіцыі і завышаную ганарлівасьць яны гатовыя паставіць вышэй за агульнанацыянальныя інтарэсы, ня згодныя паступіцца імі ў імя адзінства і аднаўленьня дэмакратыі.
Апазыцыя павінна задоўга да выбараў мець узгодненую "дарожную карту" і дэталёва распрацаваны плян дзеяньняў, знакавага лідэра...


Гэта глыбока памылковая пазыцыя. Яна павінна быць пераадоленая.

Нягледзячы на асобныя антыкааліцыйныя выказваньні, у дэмакратычных колах акрэсьлілася яўная тэндэнцыя да згуртаваньня ўсіх апазыцыйных дэмакратычных сіл. Хваля салідарнасьці са зьбітымі і нявінна арыштаванымі залучае ў барацьбу за іх свабоду, за аднаўленьне правоў і свабод, замацаваных у Канстытуцыі, усё новых і новых грамадзян. Створаны і працуе шэраг грамадзянскіх ініцыятываў і аргкамітэтаў у падтрымку рэпрэсаваных. Пераважная большасьць палітычных партый і грамадзка-палітычных аб'яднаньняў адсунулі ўбок свае прыватныя ідэйныя і іншыя падыходы і рознагалосьсі, узгадняюць і накіроўваюць сусьветнай супольнасьці агульныя ацэнкі палітычнай сытуацыі і звароты з просьбай аб салідарнасьці зь беларускім народам і спрыяньні ў вызваленьні палітычных зьняволеных. Тым больш што якіх-колечы фундамэнтальных міжпартыйных супярэчнасьцяў не існуе, акрамя завышаных пэрсанальных амбіцый.

На маю думку, неабходна неадкладна заснаваць агульнанацыянальны Саюз дэмакратычных сілаў, своечасова вылучыць на ролю агульнанацыянальнага лідэра дэмакратычнага палітыка, які сябе адпаведна зарэкамэндаваў, абраць агульнанацыянальны Прэзыдыюм, Палітычную раду. Мяркую, стварэньне Нацыянальнай каардынацыйнай Рады дэмакратычнай апазыцыі — гэта паўмера, яно не вырашае праблемы. У аснове функцыянаваньня Саюзу ляжала б абарона агульнапрызнаных каштоўнасьцяў, такіх, як сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі, дэмакратыя, раней узгодненыя ў дэмакратычных колах праекты "Малая Канстытуцыя", "Эканамічная Канстытуцыя", "Сацыяльная хартыя". Саюз дэмакратычных сілаў як калектыўнае грамадзкае аб'яднаньне, акрамя вызваленьня палітвязьняў, змагаўся б за стварэньне для палітычных партый, грамадзкіх аб'яднаньняў і грамадзян нармальных умоваў дзейнасьці, у тым ліку заканадаўчага вызначэньня парадку карыстаньня дзяржаўнымі СМІ і перш за ўсё тэлебачаньнем, як гэта прадугледжана артыкулам 5 Канстытуцыі. За безумоўнае захаваньне канстытуцыйных палажэньняў, якія гарантуюць правы і свабоды грамадзян, у тым ліку права на свабоду аб'яднаньняў, на правядзеньне сходаў, мітынгаў, дэманстрацыяў. За зацьвярджэньне такога Выбарчага кодэксу, які б гарантаваў празрыстасьць выбарчага працэсу. Саюз у пэрспэктыве як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне мог бы прэтэндаваць на статус легітымнага прадстаўніка беларускага народу або прынамсі той яго часткі, якая вызнае прынцыпы дэмакратыі і свабоды.
Саюз у пэрспэктыве як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне мог бы прэтэндаваць на статус легітымнага прадстаўніка беларускага народу...


Ніякімі рэпрэсіямі нельга спыніць імкненьне беларускага народу да дэмакратыі. Гэтаму будзе спрыяць і маючае адбыцца пагаршэньне ўзроўню жыцьця насельніцтва з-за бяздарнага кіраваньня эканомікай, падзеньня краіны ў даўгавую яму. Перакананы — час дыктатарскага рэжыму ў Беларусі мінаецца.