Лекар: "Нам зноў забараняюць даваць інфармацыю пра грып і нават насіць маскі"

Чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя суцяшаюць, што пандэміі "сьвінога" грыпу ў Беларусі не чакаецца. Але прызнаюць, што актыўна распаўсюджваюцца захворваньні, выкліканыя вострымі рэсьпіраторнымі інфэкцыямі. Паводле афіцыйнай статыстыкі, толькі 40% тых, хто захварэў, ставяць дыягназ "грып".

Эпідэмія грыпу ні ў цэлым па краіне, ні ў асобных гарадах не абвешчана, хаця ў некаторых буйных гарадах — Віцебску, Мазыры, Маладэчне, Салігорску, Магілёве, Бабруйску і Менску — узровень захворвальнасьці даволі высокі. Як распавяла Радыё Свабода загадчыца аддзелу Менскага гарадзкога Цэнтру эпідэміялёгіі Алена Фісенка, сёлета была пастаўлена задача максымальна выяўляць захворваньні лёгкай і сярэдняй ступені цяжкасьці, асабліва сярод дзяцей, і нават зь лёгкімі формамі інфэкцыі пакідаць хворых дома.

А хто больш хварэе? Алена Фісенка кажа:

"Бальшыня — дзеці, 58%. Няма такіх цяжкіх формаў, якія былі ў лістападзе 2009 году, калі ў нас пераважна паражалася маладое дарослае насельніцтва. Таму агульная ацэнка сытуацыі такая: уздым захворвальнасьці з адносна нізкай інтэнсіўнасьцю, з адносна нізкай цяжкасьцю захворваньняў".

У той жа час у стацыянарах зноў прыбывае пацыентаў зь лёгачнымі паталёгіямі, сьцьвярджае лекар адной са сталічных клінік:

"У кожным аддзяленьні ёсьць пульманалягічныя хворыя. У рэўматалёгіі палова аддзяленьня — свае, палова — пульманалягічныя, у нэўралёгіі таксама палова так, палова так, у ЛОР-аддзяленьні палова свае, палова пульманалягічныя. Каб не нагнятаць абстаноўку, цалкам не перапрафілявалі аддзяленьні, як летась, а зрабілі напалову".

Карэспандэнтка: "А ўсё ж такі гэта лёгачная інфэкцыя?"


"Так, лёгачная. І высяваюць вельмі шмат у каго менавіта сьвіны грып".

Што тычыцца лекавых сродкаў, эфэктыўных прэпаратаў, антыбіётыкаў, дэфіцыту не назіраецца, як было ўвосень 2009 году, кажа лекар сталічнага шпіталя:

"І імпартныя эфэктыўныя. Калі форма захворваньня зацягнулася, дрэннае рассмоктваньне, няма станоўчай дынамікі, даюць імпартныя прэпараты. То бок што лічаць лекары неабходным прызначаць, усё ёсьць. Я ня ведаю, як у іншых шпіталях, але нам адмовы ні ў чым няма".

Што да так званага сьвінога грыпу і ўскладненьняў пнэўманіі, якія напалохалі ўвесь сьвет увосень 2009 году, эпідэміёляг Алена Фісенка кажа:
Сёлета ніводнага летальнага выпадку ад вірусу грыпу А не зарэгістравана наагул ...

"Вірус грыпу A/H1N1 трывала ўжо замацаваўся як сэзонны вірус грыпу. Таму, канечне, ён і ў нас ідэнтыфікуецца, і ў Расеі, і ва ўсім сьвеце. Хаця ён і A/H1N1, але паколькі ўжо існуе папуляцыйны імунітэт да яго, такіх цяжкіх выпадкаў, як у лістападзе 2009-га, мы не назіраем. Сёлета ніводнага летальнага выпадку ад вірусу грыпу А не зарэгістравана наагул, будзь то A/H1N1 альбо іншы які-небудзь вірус".

Што да летальных выпадкаў, лекар адной са сталічных клінік кажа:

"Ёсьць ужо. На мінулым тыдні было ўжо тры альбо чатыры чалавекі".

Які дыягназ ставяць хворым, што афіцыйна абвяшчаюць прычынай сьмерці, лекар не паведаміла:
Нам забаранілі наагул распавядаць. Што там ставяць пры ўскрыцьці, я ня ведаю...

"Я не магу сказаць, бо ня ведаю. Нам забаранілі наагул распавядаць. Што там ставяць пры ўскрыцьці, я ня ведаю... Нам нават маскі забараняюць насіць, маўляў, маскі — гэта шкодна. Мы жартуем, што ўвесь сьвет носіць маскі, а нам нельга, нам шкодна".

Такім чынам, мэдыкам зноў, як і ўвосень 2009 году, забараняюць даваць інфармацыю, што адбываецца вакол захворваньняў на грып і пнэўманію.