Артур Раманчук павінен адбыць яшчэ дзевяць сутак

Артур Раманчук

Пляменьнік Яраслава Раманчука — Артур Раманчук атрымаў пастанову суду, паводле якой ён павінен адбыць яшчэ 9 сутак пакараньня. 20 сьнежня яго асудзілі на 12 сутак, але праз трое сутак выпусьцілі з Жодзінскай турмы.

Тады прадстаўнік адміністрацыі турмы ў Жодзіне заявіў, што Артур быў адпушчаны, бо ён студэнт замежнай ВНУ.

З новай пастановай Артура Раманчука азнаёміў участковы міліцыянт.

Артур Раманчук кажа, што зьдзіўлены такім рашэньнем і ніяк ня можа гэтага патлумачыць. Ягоная маці – Сьвятлана Раманчук кажа, што сына тады вызвалі ў сувязі са станам здароўя. Яна бачыла даведку ў якой было напісана, што ў Артура ў турме здарыўся прыступ эпілепсіі. Хаця сам Артур яе запэўнівае, што нічога падобнага зь ім не было.