Палітычны крызіс у Эгіпце паглыбляецца. Прыхільнікі і апанэнты прэзыдэнта Хосьні Мубарака ўзяліся высьвятляць адносіны на вуліцы з дапамогай каменьня, дубін і нажоў. Сам жа эгіпецкі лідэр напярэдадні заявіў, што ня будзе балятавацца на наступныя выбары, але хоча даседзець у прэзыдэнцкім крэсьле прынамсі да верасьня. Апазыцыя такую пэрспэктыву не прымае і патрабуе неадкладнай адстаўкі дыктатара, які, на іх думку, за 30 гадоў ва ўладзе давёў краіну да жабрацтва. Як падзеі на Поўначы Афрыкі ацэньваюць беларускія палітыкі? Ці да месца паралелі паміж Эгіптам і Беларусьсю, дзе першыя асобы абралі шлях на пажыцьцёвае кіраваньне і ўсталявалі жорсткі рэжым аўтарытарнай улады?
Беларуская апазыцыя ўсё часьцей праводзіць паралелі паміж падзеямі ў Эгіпце і Беларусі. Маўляў, грамадзтва стамілася ад аўтарытарных лідэраў, якія прыватызавалі ўладу і навязваюць насельніцтву ўласны сцэнар пабудовы аўтакратыі. Аднак старшыня камісіі Савету рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы Ніна Мазай, якая мае багаты досьвед дыпляматычнай працы ў розных рэгіёнах сьвету, лічыць, што падобныя параўнаньні некарэктныя:
"Я не магу падзяліць думку тых, хто спрабуе правесьці такія простыя аналёгіі і паставіць знак роўнасьці. Яны ня будуць карэктнымі. Будзе нейкая віртуальная канструкцыя, але яна вельмі далёкая ад рэальнасьці. На жаль, пакуль напружаная сытуацыя ў гэтай ключавой краіне рэгіёну не спадае, захоўваюцца сацыяльна-эканамічныя пытаньні і палітычныя праблемы, трэба шукаць шляхі, як іх урэгуляваць. Але як выйсьці на гэты шлях, павінны вырашаць самі эгіпцяне. Гэта іх краіна, іх адказнасьць за будучыню сваёй дзяржавы. Таму, думаю, не пра параўнаньні трэба зараз казаць. У кожнай краіны ёсьць свае ўнутраныя справы, і як вырашаць, як урэгуляваць сытуацыю, павінны думаць тыя палітычныя сілы, якія адказваюць за краіну".
"І ўсё ж, на ваш погляд, каб прымірыць бакі, Хосьні Мубарак мусіць падаць у адстаўку?"
"Я не бяру на сябе адказнасьць зараз даваць нейкія парады. Таму што як дзейнічаць і што рабіць, павінны ў гэтай сытуацыі думаць тыя палітычныя сілы, якія сёньня стаяць у Эгіпце перад адказнасьцю за яго будучыню".
На вяршыні эгіпецкай улады Хосьні Мубарак знаходзіцца апошнія 35 гадоў, прычым тры дзесяцігодзьдзі непасрэдна кіруе краінай. Пасьля таго, як у 1981 годзе быў забіты тагачасны прэзыдэнт Анвар Садат, віцэ-прэзыдэнт Мубарак аўтаматычна заняў вышэйшую пасаду. Да 2005 году ягоная кандыдатура на кожны новы тэрмін вылучалася на безальтэрнатыўнай аснове, але і ўнесеныя ў Канстытуцыю зьмены не далі магчымасьці альтэрнатыўным кандыдатам нават наблізіцца да рэальнай улады. Журналіст-міжнароднік, колішні супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Беларусі Міхась Бацян кажа, што не заўважыць пэўныя аналёгіі проста немагчыма:
"Мне здаецца, што практычна заўсёды, калі гаворка ідзе пра зьвяржэньне дыктатуры, паралелі правесьці можна. Бо самі дыктатуры — а менавіта спосабы іх існаваньня, спосабы дзеяньня — вельмі падобныя, а часам амаль ідэнтычныя. І тая прапаганда, якая вядзецца, і нават выступленьне таго ж Мубарака, які кажа, што ён як патрыёт толькі і баіцца, каб чаго кепскага ня здарылася з краінай. Гэта ж вельмі падобна да выступленьня пэўнага іншага прэзыдэнта! А, прабачце, як пачаліся гэтыя правакацыі, калі выйшлі на плошчу паплечнікі Мубарака — ну дык няўжо не падобна да таго, як выйшлі (вядома, у меншым маштабе) біць шкло ў нашым Доме ўраду? У нас, на шчасьце, не стралялі, але форма і мэтады вельмі і вельмі падобныя".
Палітык Пётра Садоўскі, які адным зь першых у сувэрэннай Беларусі атрымаў ранг Надзвычайнага і паўнамоцнага амбасадара, перакананы: агульная стомленасьць ад сваіх рэжымаў яднае і эгіпецкае, і беларускае грамадзтва. Натуральна, з папраўкай на традыцыйную спэцыфіку Ўсходу:
"Можна параўноўваць хоць бы ў тым сэнсе, што цярпеньне людзей лопнула. Але гэта Ўсход, і там сытуацыя ўсё ж іншая. Гаварыць пра некія эўрапейскія дэмакратычныя стандарты не выпадае, гэта зусім іншая айкумэна. Свой дыктатар ім, магчыма, і патрэбны, але ж парушаныя ўсе рамкі прыстойнасьці. 30 гадоў ва ўладзе — занадта нават для гэтых шыротаў. Мне падаецца, апрача фактару часу, там наступае своеасаблівая вясна народаў. Як вось у нас было пры канцы 1980-х, дык цяпер нешта такое пачынаецца ў Афрыцы. У Беларусі на гэты момант такога ўздыму няма, і гэта галоўнае адрозьненьне. Але гэты фактар стомленасьці грамадзтва, натуральна, і там, і там прысутнічае. Таму, калі выносіць за дужкі, то гэта стомленасьць, падмацаваная велізарным, аднастайным часавым панаваньнем аўтарытарнай асобы".
Падзеі ў Эгіпце паступова выходзяць за рамкі Каіру, Александрыі, Суэцу і перакідаюцца на іншыя рэгіёны. Нарэшце гэта заўважылі і ў Беларусі, грамадзяне якой да апошняга сьцякаліся на ўзьбярэжжа Чырвонага мора. Міністэрства спорту і турызму Беларусі паведаміла, што колькасьць беларусаў ад пачатку тыдня скарацілася ў Эгіпце на паўтысячы: у каго скончыўся тэрмін адпачынку, ужо вярнуліся, а новыя турысты ўсё часьцей просяць памяняць кірунак ці адтэрмінаваць падарожжа.