Сяргей Вазьняк: "Жорсткія санкцыі заахвоцілі б ястрабаў"

Тэмы санкцыяў і зьняволеньня ў ізалятары КДБ мы абмеркавалі ў жывым эфіры Радыё Свабода з галоўным рэдактарам газэты "Товарищ", сябрам бюро ЦК беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" Сяргеем Вазьняком.

У мінулую суботу Вазьняка, які на прэзыдэнцкіх выбарах быў даверанай асобай Уладзімера Някляева, выпусьцілі зь сьледчага ізалятару КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Разам зь яшчэ 36 асобамі Сяргей Вазьняк застаецца абвінавачаным у справе аб масавых непарадках у Менску.


Бушлякоў: Эўрапейскі Зьвяз і ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненьні да прадстаўнікоў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ці можна лічыць такія санкцыі фактарам эфэктыўнага ўзьдзеяньня на беларускія ўлады?

Вазьняк: Я наагул пра гэта ня думаю ў кантэксьце санкцыяў. У мяне зусім іншая матывацыя, для мяне цяпер самае галоўнае – каб усе мае калегі апынуліся на свабодзе. Вядома, ёсьць людзі, якія хочуць сусьветнай рэвалюцыі і перамогі камунізму абавязкова пры іх жыцьці, але для мяне галоўнае – каб людзі выйшлі на свабоду. А паколькі з боку нашай улады я апошнім часам бачу зьмякчэньне пазыцыі – тое, што нас пачалі выпускаць – я наагул уздыхнуў з палёгкай, калі Эўразьвяз паміж жорсткім і мяккім варыянтамі санкцыяў прыняў мяккі варыянт. Я баяўся жорсткіх санкцыяў і не хацеў іх.

Бушлякоў: Такім чынам, вы дапускаеце тут, што сымбалічныя санкцыі маюць сэнс і спрыяюць сытуацыі вакол абвінавачаных і зьняволеных у справе 19 сьнежня?

Вазьняк: Так, я так думаю, бо жорсткія санкцыі заахвоцілі б ястрабаў у кіраўніцтве нашай краіны – такіх, хто пачаў зьбіваць кандыдатаў у прэзыдэнты і іх давераных асобаў яшчэ да закрыцьця выбарчых участкаў. А мяккі варыянт санкцыяў, спадзяюся, заахвоціць разумных людзей у нашай уладзе, такія людзі ўсё ж ёсьць, якія ініцыявалі зьмякчэньне пазыцыі ў дачыненьні да нас. Так што я магу сказаць, што я задаволены.

Бушлякоў: «Каб зразумець красу раю, трэба хоць бы ненадоўга апынуцца ў пекле» – гэта вашыя словы па выхадзе з ізалятару КДБ. У ізалятары вы знаходзіліся сапраўды ў поўнай ізаляцыі ці ўсё ж нейкая інфармацыя з волі туды праточвалася?

Вазьняк: Ізаляцыя была ня толькі фізычная. Ізаляцыя была і інфармацыйная, бо за 41 дзень, што я знаходзіўся ў камэры – на другі дзень быў выключаны тэлевізар, – я не атрымаў ніводнага ліста, хоць вось цяпер я трэці дзень на свабодзе і ведаю, што дзясяткі людзей пісалі мне лісты і паштоўкі – сябры, родныя, знаёмыя – нічога гэтага я не атрымліваў. Фізычныя нягоды там было неяк лягчэй пераносіць, а вось маральныя, зьвязаныя з поўнай невядомасьцю – што адбываецца ў краіне, што з тваімі блізкімі, роднымі, як здароўе бацькоў, якія ў мяне жывуць у Расеі, што з сынам, дачкой – усё гэта моцна прыгнятала.

Бушлякоў: Чым напоўненыя для вас першыя дні пасьля выхаду з турмы КДБ?

Вазьняк: Цешуся прыгажосьцю раю... Па-новаму гляджу на жыцьцё, на дачыненьні зь людзьмі, на стаўленьне людзей да сябе. Разумею, наколькі цудоўна бачыць неба ня ў кратачкі, нармальна кантактаваць зь сябрамі. Вось учора цэлы дзень хадзіў па Менску і прасіў прабачэньня ў тых, каго я некалі пакрыўдзіў. Гэта трэба ацаніць. Я наагул удзячны Камітэту дзяржбясьпекі за тое, што мяне там трошкі патрымалі, бо Сяргей Вазьняк, якога арыштавалі 20 сьнежня, і Сяргей Вазьняк, які апынуўся на свабодзе 29 студзеня, яны розныя. Гэты другі Сяргей Вазьняк лепшы, ён больш цэніць дачыненьні між людзьмі.