"Сёньня Эўразьвяз па ўнутраных прычынах не гатовы да эканамічных санкцыяў"

Алесь Лагвінец

Як можна ацаніць той факт, што Эўразьвяз у сваім рашэньні ўстрымаўся ад увядзеньня эканамічных санкцыяў супраць афіцыйнага Менску? Наколькі балючымі для беларускіх чыноўнікаў ёсьць візавыя санкцыі супраць беларускіх чыноўнікаў? Калі афіцыйны Менск пойдзе на далейшыя рэпрэсіі ўнутры краіны, ці вернецца Эўразьвяз да пытаньня эканамічных санкцыяў? На гэтыя пытаньні адказвае палітоляг Алесь Лагвінец

Цыганкоў: Як можна пракамэнтаваць рашэньне Эўразьвязу ня ўводзіць эканамічныя санкцыі? Як на яго можа адрэагаваць беларускае незалежнае грамадзтва і афіцыйны Менск?

Лагвінец: Эўрапейскі Зьвяз – гэта неаднародная арганізацыя, хаўрус краінаў, якія могуць мець розныя інтарэсы. На міжнароднай арэне ЭЗ – гэта "грамадзянская сіла", якая аддае перавагу больш мірным, кампрамісным сродкам дыпляматычнай і палітычнай дзейнасьці. Сыходзячы з усяго гэтага, такое рашэньне ЭЗ было чаканым і прагназаваным. Сёньня Эўразьвяз па ўнутраных прычынах наўрад ці гатовы да ўвядзеньня шырокамаштабных эканамічных санкцыяў супраць беларускага рэжыму.

Калі казаць пра рэакцыю ў Беларусі, то яна будзе дваістай. Будзе гучаць незадаволенасьць значнай часткі беларускай апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці, бо гэтае рашэньне недастаткова радыкальнае. Да таго ж гэта падвешвае праблему спрашчэньня візавага рэжыму для звычайных беларускіх грамадзянаў.

Зь іншага боку, улады таксама будуць выказваць сваё абурэньне гэтым рашэньнем, але, магчыма, не публічна будуць задаволеныя тым, што Эўразьвяз не выкарыстаў скрайнія захады.

Цыганкоў: Пры тым, што рашэньне аб эканамічных санкцыяў не было прынята, візавыя санкцыі былі пашыраныя. Як візавыя санкцыі могуць паўплываь на паводзіны беларускай намэнклятуры?

Лагвінец: Натуральна, з афіцыйнай трыбуны мы будзем чуць, што візавыя абмежаваньні ніякім чынам не кранаюць беларускія ўлады. Аднак па сутнасьці, я мяркую, маральна гэта дастаткова складана, асабліва для сярэдняга зьвяна намэнклятуры, не найвышэйшых. Думаю, што для часткі намэнклятуры такія санкцыі маюць значны ўплыў, бо Беларусь – гэта не Ўзбэкістан, і шмат беларусаў наведваюць краіны Эўразьвязу.

Цыганкоў:
Калі беларускія ўлады не ўспрымуць той "пасыл", які даслаў Эўразьвяз сваім рашэньнем, ці можа Брусэль вярнуцца да больш жорсткага варыянту санкцыяў?

Лагвінец: Увесь арсэнал магчымых сродкаў Эўразьвяз не выкарыстаў. Пры пэўных абставінах пазыцыя Эўразьвязу можа стаць больш жорсткай. Я думаю, што ключ ад рашэньняў Брусэлю знаходзяцца ў Менску. Калі беларускія ўлады паправяць свае паводзіны, то стаўленьне будзе адным, калі не паправяць, то іншым.