Беларусь ізноў трапіць у адзін сьпіс з Зымбабвэ, М'янмай і Прыднястроўем

Сёньня ў Брусэлі Рада Эўрапейскага Зьвязу будзе разглядаць пытаньне аб санкцыях супраць афіцыйнага Менску за разгортваньне ў краіне хвалі масавых рэпрэсіяў.

Эўрапейскія дыпляматы на мінулым тыдні ўзгаднілі сьпіс больш як 150 прадстаўнікоў беларускага рэжыму, якім будзе забаронены ўезд на тэрыторыю краін Зьвязу. Гэты сьпіс сёньня маюць зацьвердзіць міністры замежных спраў 27 краін Эўразьвязу. Таксама яны маюць ухваліць іншыя захады супраць беларускіх уладаў і ў падтрымку грамадзянскай супольнасьці Беларусі.

Напярэдадні паседжаньня Рады Эўразьвязу мы пагутарылі пра эўрапейскія санкцыі з дэпутатам Сойму Літвы Эгідыюсам Варэйкісам.

На мінулай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Варэйкіс выступаў з вострай крытыкай беларускага рэжыму.

“У тым, што адбылося пасьля выбараў, вінаваты дыктатар, супраць якога і пратэставалі людзі… За сьпінай у Лукашэнкі стаіць Расея: калі б не яе падтрымка, не было б Лукашэнкі”, – заявіў у мінулы чацьвер Эгідыюс Варэйкіс. Тады ж ён заклікаў усе краіны-сябры Рады Эўропы ўвесьці "візавыя абмежаваньні супраць беларускай дыктатуры". Што да Эўразьвязу, то ён, відаць, абмяжуецца візавымі санкцыямі супраць афіцыйнага Менску, мяркуе літоўскі дэпутат:
Быў час, калі прэзыдэнт ЗША Рэйган санкцыямі здолеў дамагчыся свайго, цяпер жа Эўропа ня можа...


"Думаю, што цяпер Эўразьвяз марудзіць… Я ў чацьвер прапанаваў, каб Рада Эўропы ўхваліла такія самыя візавыя санкцыі, хоць наўрад ці гэта будзе. Можна было б ухваліць некаторыя санкцыі: і па тэхналёгіях, і па іншым. Ня ведаю, ці вялікі бізнэс у Эўропы зь Беларусьсю – можна і не дапусьціць некаторых экспартных тавараў. Быў час, калі прэзыдэнт ЗША Рэйган санкцыямі здолеў дамагчыся свайго, цяпер жа Эўропа ня можа”.

У пару Рэйгана было нават выказваньне, што гандаль з дыктатарам – справа не джэнтэльмэнская, цяпер жа эўрапейскія бізнэсоўцы на гэта не зьвяртаюць увагі, кажа дэпутат Варэйкіс.

Эканамічныя санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі стрымлівае боязь таго, што ад іх пацярпіць народ, а прадстаўнікоў рэжыму яны не зачэпяць, кажа спадар Варэйкіс. Таксама існуе небясьпека, што Беларусь пад ціскам Захаду будзе інтэгравацца з Расеяй:

"Ёсьць такі міт, у які я не зусім веру, што калі мы ўжывем санкцыі ў адносінах да Беларусі, то яна пойдзе ў Расею. Яна і так у Расеі, ня ведаю, куды далей можна ісьці. Пакуль за сьпінаю ў Лукашэнкі стаіць Расея, так званая саюзная дзяржава, зрабіць нешта складана. Нам трэба прыдумаць такія санкцыі, ад якіх Расея б не дапамагла. З другога боку, у Расеі свае праблемы, і неабавязкова яна так хутка будзе сьпяшацца дапамагаць".
Пакуль за сьпінаю ў Лукашэнкі стаіць Расея, так званая саюзная дзяржава, зрабіць нешта складана....


Стаўленьне Літвы да санкцыяў адносна беларускіх уладаў спадар Варэйкіс назваў неадназначным: ёсьць розныя палітыкі, розныя думкі:

"Але стратэгічна мы кажам так: мы за добрыя адносіны з грамадзянскай супольнасьцю, народам, але не з рэжымам".

Ганаровы старшыня АГП Станіслаў Багданкевіч візавыя санкцыі Эўразьвязу лічыць важным актам у кампаніі ціску на беларускія ўлады для вызваленьня нявінна арыштаваных людзей. Але, як ён мяркуе, да больш важкіх эканамічных санкцыяў аб’яднаная Эўропа не гатовая. Сам спадар Багданкевіч лічыць эканамічныя санкцыі Эўропы і ЗША супраць афіцыйнага Менску патрэбнымі:

"Ва ўмовах, калі рэжым душыць свой народ, я лічу любыя санкцыі карыснымі і мэтазгоднымі".


Эўразьвяз ужо ўводзіў візавыя санкцыі супраць беларускіх уладаў. Упершыню гэта было ў 1998 годзе, пасьля скандалу з высяленьнем замежных амбасадараў зь іхніх рэзыдэнцыяў.

У 2002 годзе, пасьля спыненьня ўладамі Беларусі працы Кансультацыйна-назіральнай групы АБСЭ ў Беларусі, калі афіцыйны Менск адмовіў у візах усім яе супрацоўнікам, Эўразьвяз у адказ увёў забарону на выдачу візаў 8 беларускім чыноўнікам, уключна з А.Лукашэнкам. Забарона была зьнятая ў 2004 годзе, калі ўлады Беларусі дазволілі адкрыць у Менску новы офіс АБСЭ.

У красавіку 2006 году пасьля несумленных прэзыдэнцкіх выбараў і разгону масавых дэманстрацыяў у Менску Эўразьвяз ізноў увёў забарону на выдачу візаў А.Лукашэнку і яшчэ прыблізна 30 беларускім чыноўнікам, адказным за зьнікненьні чатырох апанэнтаў улады, фальсыфікацыю выбараў і перасьлед мірных дэманстрантаў.

У траўні 2006 году Эўразьвяз ухваліў рашэньне аб замарожваньні рахункаў і маёмасьці шэрагу важных фігур беларускага рэжыму на тэрыторыі краін Эўразьвязу.

Усяго візавыя і фінансавыя санкцыі дзейнічалі супраць 41 беларускага чыноўніка, уключна з А.Лукашэнкам. Візавыя санкцыі апошнія некалькі гадоў былі замарожаныя.

У 2004 годзе была ўведзеная забарона на кантакты ў рамках Эўразьвязу зь Беларусьсю на найвышэйшым і высокім узроўні, якая дзейнічала да 2008 году.

Эўразьвяз таксама ўводзіў візавыя санкцыі супраць дэспатычных рэжымаў у Зымбабвэ, М'янме, Кубе, Узбэкістане, Паўночнай Карэі, Гвінэі, Іране, Кот-д'Івуары, Прыднястроўі.