Тая ж турма. Толькі дома

Ірыне Халіп і Ўладзімеру Някляеву памянялі камэры СІЗА КДБ на хатні арышт. Пра ўмовы іх утрыманьня "Свабодзе" расказалі сямейнікі вязьняў.

Люцына Бяльзацкая, маці Ірыны Халіп, сказала "Свабодзе", што яе дачка вярнулася ў сваю кватэру. А зь ёй прыйшлі два супрацоўнікі КДБ. Ірыне дазволена сустракацца і размаўляць толькі з маці, бацькам і сынам Данікам. Ірына вельмі радая, што пабачыла сына. Але ёй забаронена размаўляць па тэлефоне, чытаць газэты, выходзіць у інтэрнэт. Нават забаранілі сустракацца з маці мужа Андрэя Саньнікава. Зразумела, што яна хоча быць зь дзіцем, таму будзе выконваць усе гэтыя прадпісаньні.

"Выглядае яна добра, прыгожая. Казала, што ўмовы ўтрыманьня былі нармальныя. Але атрымала толькі 2 лісты ад нас, хаця мы пісалі дзясяткі", – кажа Люцына Бяльзацкая.

Жонка Ўладзімера Някляева Вольга распавяла, што яе муж знаходзіцца ў падобнай сытуацыі. Забаронена чытаць газэты, выходзіць у інтэрнэт, сустракацца і размаўляць па тэлефоне зь сябрамі. Ён дома, а ў суседнім пакоі ўвесь час знаходзяцца 2 супрацоўнікі КДБ, якія мяняюцца. Папярэдне кватэру праверылі на наяўнасьць кампутара, а таксама балькон, каб Някляеў "ня мог празь яго ўцячы".

"Для мяне вельмі важна, што я магу быць побач зь ім, клапаціцца пра яго, бо ў яго сапраўды былі праблемы са здароўем. Павышаўся ціск, – гаворыць Вольга Някляева. – Апрача таго, яны там у СІЗА ўсе на грып перахварэлі. Выявілася, што ён не атрымаў ніводнага майго ліста і лісты ад яго мне фільтравалі. Але перадачы збольшага ён атрымліваў".

Вольга Някляева паведаміла таксама, што мужу забаронена сустракацца з усімі, акрамя яе і адваката:

"Тая ж турма, толькі дома. Нас папярэдзілі, што ў выпадку парушэньня правілаў адразу накіруюць ў СІЗА. Самае галоўнае, што турбуе Ўладзімера, што ня зьнятыя абвінавачаньні ні зь яго, ні зь іншых арыштаваных па гэтай справе. Тое, што іншыя застаюцца ў СІЗА. У тым ліку хворы на цукровы дыябэт Аляксандар Фядута".

А 12 гадзіне да вокнаў кватэры Ўладзімера Някляева зьбіраюцца падысьці яго паплечнікі, каб павітаць яго. Пагутарыць яны зь ім ня змогуць.