Беларусь могуць адлучыць ад "Эўранэсту"

Прэзыдыюм Парлямэнцкай асамблеі праграмы Эўразьвязу "Ўсходняе партнэрства" папярэдне абвясьціў, што гатовы пачаць працу без удзелу прадстаўнікоў Беларусі. І хоць канчатковае рашэньне плянуецца прыняць на канфэрэнцыі кіраўнікоў палітычных групаў Эўрапарлямэнту, першае паседжаньне "Эўранэсту" безь беларускай дэлегацыі можа адбыцца ўжо на пачатку сакавіка.

Ці будзе сур'ёзнай стратай для Беларусі пэрспэктыва адлучэньня ад "Эўранэсту"? Сваё меркаваньне выказвае экспэрт Агенцтва гуманітарных тэхналёгій Тацьцяна Вадалаская:

Тацяна Вадалаская
"Думаю, так. Бо калі будзе прынятае рашэньне, што "Эўранэст" можа працаваць безь беларускай дэлегацыі, то гэта значыць адно: Эўропа і астатнія краіны-партнэры папросту склалі рукі і вырашылі, што ня варта чакаць ад Беларусі нечага добрага. Мне здаецца, што гэта не зусім правільна, бо ня будзе на карысьць разьвіцьця Беларусі. Насамрэч трэба было пускаць туды нават і дэпутатаў — магчыма, пры нейкіх канкрэтных умовах, але неабходнасьць наяўнасьці працаздольнага парлямэнту магла б выступаць уплывовым фактарам дзеля таго, каб зрабіць нармальныя парлямэнцкія выбары наступныя. А калі парлямэнт выключаецца, дык нібыта ня трэба нічога і рабіць".

Прызначаны напярэдадні кіраўніком парлямэнцкай камісіі ў міжнародных справах і сувязях з СНД Ігар Карпенка лічыць, што пазыцыя няспыннага вылучэньня нейкіх умоваў на адрас Беларусі контрапрадуктыўная і не прывядзе да наладжваньня паўнавартаснага дыялёгу ў адносінах паміж Менскам і Эўразьвязам:

Ігар Карпенка
"Я думаю, што Эўразьвяз павінен у рэшце рэшт зразумець, што Беларусь — сувэрэнная дэмакратычная дзяржава, і адпаведным чынам трэба да яе ставіцца. А недахопы ёсьць у кожнага. Мы ў Эўразьвязе таксама можам накапаць масу розных недахопаў — і з правамі чалавека, і з чым заўгодна. Таму, як мне падаецца, калі дыялёг ідзе, то ён мусіць ісьці і надалей як дыялёг. Гэта значыць, што трэба неяк прыслухоўвацца, а не высоўваць увесь час умовы. Мы ж ніякіх умоваў Эўразьвязу не вылучаем, разумееце? Чаму яны нам пастаянна высоўваюць нейкія ўмовы?"

Ці можна разглядаць пэрспэктыву адлучэньня Беларусі ад праграмы "Ўсходняе партнэрства", дэкляраванай некалі Эўразьвязам як "праграмы добрасуседзтва" працягам палітыкі санкцый Захаду ў дачыненьні да кіраўніцтва краіны? Цікаўлюся ў Тацьцяны Вадаласкай:
Гэта не зусім санкцыі, а, хутчэй, своеасаблівы імпульс, які сьведчыць, што для Беларусі могуць быць увогуле праблемы з "Усходнім партнэрствам ...

"Гэта не зусім санкцыі, а, хутчэй, своеасаблівы імпульс, які сьведчыць, што для Беларусі могуць быць увогуле праблемы з "Усходнім партнэрствам". Збольшага гэта тычыцца не грамадзянскай супольнасьці, а парлямэнцкай дэлегацыі, якая ня можа паехаць ад Беларусі — Палата прадстаўнікоў не прызнаная, а нейкага іншага выйсьця, прынамсі папярэднім разам, не знайшлі, таму "Эўранэст" не зьбіралі ўвогуле. Але калі яны нават не забракуюць грамадзянскую супольнасьць, то можа быць забракаваны ўвогуле ўваход Беларусі ва "Ўсходняе партнэрства". Тады беларуская дэлегацыя выключаецца з працы на ўсіх узроўнях. Пакуль што гэтага няма, наступнае паседжаньне па "Ўсходнім партнэрстве" на самым высокім узроўні будзе ўвесну, і канчаткова пытаньне будзе вырашацца там".

Ці можна спадзявацца, што пад ціскам міжнароднай супольнасьці ў Беларусі ўрэшце запрацуе махавік дэмакратызацыі? І якое месца ў гэтым працэсе належыць грамадзянскай супольнасьці? Вось што пра гэта думае адзін зь лідэраў трэцяга сэктару Беларусі Ўладзімер Мацкевіч:

Уладзімер Мацкевіч
"Міжнародная супольнасьць на сёньняшні дзень шукае і нейкім чынам імкнецца прыдумаць больш уплывовыя мэханізмы ўзьдзеяньня на дыктатарскія рэжымы, на рэжымы, якія парушаюць правы чалавека. На жаль, такіх уплывовых рэчаў дагэтуль не прыдумана, таму большая частка адказнасьці за скасаваньне дыктатарскіх рэжымаў па-ранейшаму кладзецца на грамадзянскую супольнасьць той краіны, дзе гэтыя рэжымы ўсталяваліся. Асабліва спадзявацца на санкцыі, як паказвае досьвед, не даводзіцца…"



Нагадаю: раней Эўрапарлямэнт прапаноўваў Менску зьмяніць склад дэлегацыі для ўдзелу ў працы "Эўранэсту", накіраваўшы "зьмяшаную" групу — па пяць чалавек ад Палаты прадстаўнікоў і непарлямэнцкай апазыцыі. Аднак афіцыйны беларускі бок такую прапанову не прыняў, запатрабаваўшы ўмовы, аднолькавыя зь іншымі краінамі-ўдзельніцамі "Ўсходняга партнэрства", якія ўключаюць у склад сваіх дэлегацый па 10 дэпутатаў нацыянальных парлямэнтаў.