Амбасада Расеі зьдзіўлена заявай Генпракурора

  • БелаПАН


Амбасада Расеі "са зьдзіўленьнем і шкадаваньнем" ўспрыняла заяву генпракурора Беларусі аб лёсе расейцаў, затрыманых па справе аб масавых беспарадках.



Амбасада Расеі з зьдзіўленьнем і шкадаваньнем успрыняла заяву генэральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча, зробленае ім 27 студзеня ў сувязі з лёсам арыштаваных у Мінску па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня расейскіх грамадзянаў Арцёма Брэвуса і Івана Гапонова. Пра гэта заявіў БелаПАН дарадца расейскай амбасады Вадзім Гусеў.

У прыватнасьці, паводле яго слоў, "зьдзіўленьне выклікала заява генпракурора аб тым, што факты ўдзелу расейскіх грамадзян у масавых беспарадках яшчэ толькі павінны высьветліцца, а паўза ў расьсьледаваньні справы тлумачыцца тым, што "затрымана вялікая колькасьць людзей ". Між тым, адзначыў Гусеў, "расейскія грамадзяне ўтрымліваюцца ў СІЗА КДБ ужо бяз малага месяц, прычым без выстаўленьня ім якіх-небудзь доказаў іх віны".

"Тое, што такіх доказаў у беларускіх праваахоўных органаў на дадзены момант няма, пацьвердзіла сустрэча 27 студзеня расейскіх дыпляматаў з арыштаванымі суайчыньнікамі, – сказаў ён. – Так, па словах Брэвуса, на днях яго наведваў прадстаўнік беларускай сьледчай групы. У ходзе гэтай размовы ў віну расейскаму грамадзяніну спрабавалі паставіць тое, што некаторыя затрыманыя па справе аб масавых беспарадках экс-кандыдаты на пасаду прэзыдэнта заяўляюць, што яны нібыта ведаюць Брэвуса ". Брэвус, у сваю чаргу, "адмаўляе якія-небудзь асабістыя сувязі зь імі".

Акрамя таго, адзначыў Гусеў, генпракурор заявіў пра дачаснасьць дзеяньняў беларускіх уладаў па ануляваньні віда на жыхарства Івану Гапонову. "Аднак маці Гапонова на днях выклікалі ў раённы аддзел дэпартамэнту па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі і там праінфармавалі, што ў дачыненьні да яе сына такая працэдура ўжо запушчана", – указаў дарадца расейскай амбасады. Падставай для гэтага, паводле яго інфармацыі, сталі два правапарушэньні: пераход праезнай часткі на чырвонае сьвятло і ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу, за якое Гапонаў панёс адміністрацыйнае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі тэрмінам на 10 сутак.

Амбасада да гэтага часу не атрымала афіцыйнага адказу Генпракуратуры на запыт ад 14 студзеня наконт падставаў і матываў, у сілу якіх паўстала неабходнасьць прымяніць да расейскіх грамадзянаў меру стрыманьня ў выглядзе зьняволеньня пад варту.

"Пры гэтым нам незразумела, чаму расейскія грамадзяне да гэтага часу бяздоказна пакутуюць ў турме, тады як некаторым экс-кандыдатам у прэзыдэнты мера зьмененая на падпіску аб нявыезьдзе", – падкрэсьліў дарадца амбасады. Паводле яго слоў, адвакат Брэвуса падаў у сьледчыя органы Беларусі хадайніцтва аб зьмене свайму падабароннаму меры стрыманьня з утрыманьня пад вартай на хатні арышт. "Амбасада разьлічвае на больш хуткае вызваленьне расейскіх грамадзянаў у сувязі з адсутнасьцю ў сьледзтва якіх-небудзь доказаў па прад'яўленых ім абвінавачваньнях", – рэзюмаваў Гусеў.