Лукашэнка: некаторыя ў Польшчы мараць пра беларускую тэрыторыю

Аляксандар Лукашэнка абвінаваціў сёньня Захад у стварэньні пятай калёны. "Гэтая калёна стваралася пад Варшавай, Бэрлінам і Брусэлем", – заявіў кіраўнік Беларусі, выступаючы ў Менску на пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Найбольшыя папрокі з боку Лукашэнкі гучалі на адрас Нямеччыны і Польшчы. Ён казаў, што беларусы, як і ўвесь савецкі народ, "нахлябталіся" нямецкай "дэмакратыі", маючы на ўвазе падзеі Другой усясьветнай вайны. Што да актыўнасьці палякаў, то Лукашэнка патлумачыў гэта тым, што некаторыя польскія палітыкі дагэтуль бачаць мяжу сваёй краіны "па Менску".

Тым ня менш кіраўнік Беларусі абазначыў магчымасьць аднаўленьня дыялёгу з Захадам. Паводле яго словаў, для гэтага Захаду дастаткова сумленна сказаць, што яны прайгралі. "Гэта адпраўны пункт для кампрамісу".

Лукашэнка таксама згадаў сына Ірыны Халіп і Андрэя Саньнікава Данілу. Ён сказаў, што сына даглядаюць бабуля і дзядуля, а бацькі гэтага хлопчыка, маўляў, ніколі ім не цікавіліся – мама заўсёды была ў Маскве, а тата ў Вашынгтоне. А каб выйсьці на свабоду, Халіп і Саньнікаву трэба зрабіць адно – даць адказ на тры пытаньні: "Вы даяце тры сумленныя адказы на тры пытаньні і ідзяце на свабоду".

Аляксандар Лукашэнка таксама выказаўся:

Пра сына Саннікава і Халіп

"Цяпер усе ныюць і пакутуюць, што Лукашэнка такі: у яго свой малыш, а вось задушыў другога. Ды не, Лукашэнка не крыважэрны... Гэтае дзіця ніхто да гэтага не глядзеў: адна была ў Маскве, другі — у Вашынгтоне, а бабуля зь дзядулем пасьпяхова глядзелі дзіця, што робяць і цяпер".

Лукашэнка задаў пытаньне, чаму бацькі дзіцяці сядзяць у сьледчым ізалятары і сам на яго адказаў: "Тры пытаньні — тры шчырыя адказы, і ідзіце глядзець дзяцей", — заявіў Лукашэнка.

Экс-кандыдат у прэзыдэнты Андрэй Саньнікаў і яго жонка Ірына Халіп другі месяц утрымліваюцца ў СІЗА КДБ.


Пра апазыцыю

“Апазыцыя рыхтавала дзяржаўны пераварот. Менавіта гэтак – ня больш і ня менш. Усё плянавалася пад шчыльным кантролем некаторых замежных спэцслужбаў. Пра некаторыя мы таксама сказалі. Хай яны адбрыкваюцца сёньня (гэта натуральна), але калі я кажу, значыць, у нас дзеля гэтага ёсьць факты. Былі загадзя расьпісаныя бізнэс-пляны, падрыхтаваныя сьметы. Частка грошаў, якія ім далі гаспадары, нашы “сьвядомыя”, як заўжды, раскралі. Яны пра гэта самі кажуць. А тыя, што засталіся, патрацілі на падрыхтоўку пагрому”.

Пра падзеі каля Дому ўраду 19 сьнежня

“Ёсьць відавочныя факты. Натоўп граміў Дом ураду. Гэта бачылі ўсе. Прозьвішчы гэтых пагромшчыкаў мы абнародавалі. Пытаньне – хто іх прывёў сюды? Хто абвясьціў пра так званы “урад народнага даверу” і заклікаў браць уладу ў свае рукі? Адказ відавочны – гэта асобныя былыя кандыдаты ў прэзыдэнты і іх давераныя асобы.

Пра дзеяньні праваахоўных органаў 19 сьнежня


“Усю заразу гвалту, усё бязьмежжа мы будзем спыняць імгненна. Па-просту кажучы, будзем душыць у самым зародышу, каб абараніць народ і дзяржаву. Ня варта занадта лёгка ставіцца да падзеяў 19 сьнежня – нашыя ворганы унутраных спраў, якія за сем з паловай хвілін паклалі канец гэтаму бязьмежжу, паступілі з майго пункту гледжаньня абсалютна правільна”.

Пра міжнародныя санкцыі

“Вы (Захад. – Свабода) мяне пужаеце санкцыямі (візамі і іншым) – ды Гасподзь з вамі. Я ўжо жыву ў гэтым візавым абмежаваньні, напэўна, дзесятак гадоў. Жывы, здаровы пакуль... Таму пужаць мяне беспэрспэктыўна, думаю, і вас (дэпутаты і прысутныя ў Авальнай залі. – Свабода) таксама. Ня трэба нас пужаць. Мы павінны абараніць сваю краіну. І ні ў якім тупіку мы не апынуліся. Мы пераадолелі чарговы бар’ер, выбудоўваючы сваю незалежнасьць і сувэрэнітэт. Цяжкасьці і складанасьці былі ў кожнай дзяржавы”.