У Беларусі будзе першы падручнік пра Галакост

Мэмарыял Яма ў Менску

У гады Другой усясьветнай вайны на тэрыторыі Беларусі загінулі 805 тысяч габрэяў. У Менску знаходзілася адно з самых буйных гета на тэрыторыі Эўропы. Сёньня ў Гістарычнай майстэрні адбудзецца прэзэнтацыя дапаможніка для настаўнікаў гісторыі пра менскае гета.
Сёньня, калі адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Галакосту, па ўсёй Беларусі сёньня пройдуць жалобныя мерапрыемствы. У Менску ўскладуць кветкі да помнікаў ахвярам менскага гета на вуліцы Сухой, а таксама да мэмарыялу “Яма”. Але тэма масавага зьнішчэньня габрэяў у гета і канцлягерах па ўроках гісторыі вывучаецца фрагмэнтарна, у тэме “Інтэрнацыянальны характар барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў”.

Тэрмін “Галакост” у падручніках наагул адсутнічае. Таму група энтузіястаў, навукоўцаў вырашыла стварыць дапаможнік для настаўнікаў гісторыі пра Менскае гета. Распавядае кіраўнік Гістарычнай майстэрні Кузьма Козак:

"Дапаможнік падрыхтаваны гісторыкамі, а таксама людзьмі, якія маюць дачыненьне да культуры памяці Галакосту – Леанід Левін, стваральнік мэмарыялаў "Хатынь" і "Яма" . Таксама ў матэрыялах – два сьведчаньні былых вязьняў менскага гета і двух праведнікаў, якія ратавалі габрэяў. Такі дапаможнік – першы ў сыстэме адукацыі. І прэзэнтацыя прымеркаваная да дня вызваленьня лягеру сьмерці Аўшвіца і Міжнароднага дня памяці Галакосту".

Адзін са стваральнікаў дапаможніка вядомы архітэктар, старшыня Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх аб’яднаньняў і абшчын Леанід Левін кажа:

"Антысэмітызм сыграў сваю ролю і ў гады вайны, і пасьля вайны. І зараз гэтыя карэньні вырваць вельмі цяжка. Мы вялікую работу робім па мэмарыялізацыі памяці. У нас зараз ужо каля 40 помнікаў, а раней нічога не было, ні каменчыка на месцы, дзе загінулі габрэі. Проста амаль ніхто нічога ня ведае. Раней гэта забаранялася, цяпер замоўчваецца. А трэба, каб людзі памяталі. Тым больш, гэта былі грамадзяне нашай краіны. Гэты дапаможнік грунтуецца на базе ўспамінаў, на базе музэйных матэрыялаў".

Скульптурная кампазыцыя ў мэмарыяле Яма . Аўтары А.Фінскі і Л.Левін

Беларусь да гэтага заставалася адзінай краіна рэгіёну, у якой няма ніводнага адукацыйнага дапаможніка пра Галакост. Тым часам толькі ў суседняй Украіне 12 такіх падручнікаў. Стваральнікі дапаможніка для настаўнікаў гісторыі спадзяюцца, што гэта стане пачаткам вялікай сыстэмнай працы па вывучэньні гэтай трагічнай старонкі гісторыі.