Натальля Слабчанка: “Дочкі бачылі бацьку пераважна па тэлевізары”

У 1991-м дэпутат ад БНФ Сяргей Слабчанка галасаваў за незалежнасьць Беларусі. Праз 20 гадоў ягоная дачка абараняе выбар бацькі на Плошчы. Лёс сям’і Слабчанкаў – у новай перадачы “Бацькі і дзеці Незалежнасьці”.

Сяргей Слабчанка быў адным з тых дэпутатаў, хто 25 жніўня 1991 году ў Вярхоўным Савеце XII скліканьня галасаваў за незалежнасьць Беларусі. А потым Слабчанка рабіў першыя беларускія грошы. Ягоная дачка Дар'я Слабчанка ў апошнія тыдні каардынавала рух салідарнасьці са зьняволенымі "Анёл-ахоўнік", спакоўвала перадачы, стаяла ў чэргах, сустракала герояў Плошчы ля ізалятараў Менску і Жодзіна.

Сяргей Слабчанка: "Гісторыя была вельмі цікавая. Мы сядзелі на адным з пасяджэньняў Народнага фронту. І якраз Зянон Пазьняк пачаў гаварыць пра стварэньне незалежнай Беларусі. Я тады сказаў, што пакуль мы не стварылі атрыбутаў незалежнай дзяржавы, ніякай дзяржавы быць ня можа. І Пазьняк кажа: "Ну раз ты такі разумны, то ты гэтым і займіся".

Натальля Слабчанка: "Я садзіла дзяўчатак каля тэлевізара, яны яго ня бачылі. Ён не прыяжджаў зь Менску, тыднямі проста не прыяжджаў. Я іх усаджвала, яны былі маленькія. І яны глядзелі ўсе пасяджэньні, бо была наўпроставая трансьляцыя. Якраз на гэтай хвалі ў іх нешта і адклалася. Але час быў цудоўны. Я яго з удзячнасьцю згадваю".

Ніка Слабчанка: "Унутрана я вельмі ганарылася, калі я хадзіла па вуліцах і на дзьвярах, на крамах, на ліхтарах віселі татавы ўлёткі, якія я сваімі ручкамі складала".

Дар'я Слабчанка: "Я вельмі ўдзячная маёй сям'і, што ніколі не было ў нас кампрамісаў з грамадзтвам у сям'і. І ў савецкія часы, і ў часы Лукашэнкі".

Першая перадача з цыклю Аляксандры Дынько “Бацькі і дзеці Незалежнасьці” – у эфіры "Свабоды" ў чацьвер і пазьней на нашым сайце.