Томас Мэлія: "Вызваліць усіх, хто знаходзіцца ў турмах пасьля падзеяў 19 сьнежня"

Томас Мелія

Любыя санкцыі, якія будуць прынятыя супраць дзяржаўных чыноўнікаў і дзяржаўных прадпрыемстваў, будуць скіраваныя толькі на тых, хто непасрэдна ўдзельнічаў у палітычных рэпрэсіях і здушваў свабоду ў Беларусі.

Пра гэта на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску заявіў намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Мэлія. "Яны ня будуць ні ў якім разе накіраваныя супраць беларускага народу. І вельмі шмат зараз робіцца дзеля таго, каб гэтыя санкцыі былі вельмі кропкавымі".

На пытаньні журналістаў, што неабходна зрабіць беларускім уладам, каб пазьбегнуць санкцыяў, высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат заявіў наступнае: "Вызваліць усіх, хто знаходзіцца ў турмах пасьля падзеяў 19 сьнежня. Зьняць усе абвінавачваньні зь іх і з тых, хто не знаходзіцца ў зьняволеньні".

На пачатку сваёй прамовы намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША Томас Мэлія падкрэсьліў, што ён прыляцеў у Беларусь на асабістае даручэньне дзяржсакратара ЗША Хілары Клінтан. У Беларусі ён правёў тры дні і меў тут шэраг сустрэч.