Ізраільская камісія расьсьледавала абстваіны вакол "Флятыліі свабоды"

У Ізраілі сёньня апублікавала сваю справаздачу незалежная камісія, якая расьсьледавала дзеяньні ізраільскіх вайскоўцаў у дачыненьні да пасажыраў турэцкага карабля “Маві Мармара” 31 траўня 2010 г.

Паводле справаздачы, якая займае 300 старонак, ізраільскія вайскоўцы дзейнічалі адпаведна міжнароднаму праву.

Экспэрты цьвердзяць, што разгледзелі шмат відэаматэр’ялаў і паказаньняў сьведкаў, у тым ліку і грамадзян Турэччыны і Вялікай Брытаніі, якія былі на караблях турэцкай флятыліі.

“Флятылія свабоды”, якую ачольваў карабель “Маві Мармара”, спрабавала прарваць ізраільскую блякаду Паласы Газы і прывезьці туды груз, які пра-палестынскія актывісты дэкляравалі як гуманітарны. Караблі былі спыненыя ізраільскімі вайскоўцамі ў нэўтральных водах. Пры штурме карабля “Маві Мармара” загінулі 9 грамадзян Турэччыны, столькі ж ізраільскіх вайскоўцаў былі параненыя.