Халіп і Палажанка ў адной камэры, Фядута малюе карыкатуры

Што вядома пра вязьняў "амэрыканкі", "Валадаркі" і Акрэсьціна, якія патрапілі за краты ў зьвязку з падзеямі 19 сьнежня?

Паводле праваабаронцаў, сьпіс абвінавачаных па справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня дасягнуў 33 чалавек. Апошнім у сьпісе значыцца навучэнец менскай будаўнічай вучэльні Ільля Васілевіч, які адбыў адміністрацыйны арышт за ўдзел у мітынгу на плошчы Незалежнасьці, вызваліўся праз 10 дзён, а потым зноў быў арыштаваны па справе аб масавых беспарадках і зьмешчаны ў ізалятар на Валадарскага. Тых, каго арыштоўвалі па гэтай справе пасьля Новага году, зьмяшчаюць менавіта сюды, заўважаюць праваабаронцы і робяць выснову, што ў ізалятары КДБ "амэрыканка" не хапае вольных месцаў.

Тым часам у ізалятары для адміністрацыйна пакараных на Акрэсьціна колькасьць арыштантаў па справе аб мітынгу ня зьменшылася, а нават павялічылася. Праваабаронца Наста Лойка налічыла прынамсі 4 чалавек:

Наста Лойка
"Усевалад Шышарын, актывіст АГП, учора пайшоў на допыт у КДБ, і пасьля гэтага яго пакаралі арыштам. Таксама на Акрэсьціна маладзёны — актывіст Уладзімер Яроменак, журналіст Барас Гарэцкі і яшчэ малады чалавек, мы ведаем пакуль толькі ягонае прозьвішча — Кавалеўскі. Яго асудзілі яшчэ ў мінулую пятніцу".

Да ўдзельнікаў мітынгу 19 сьнежня ў ізалятары на Акрэсьціна далучылі вядомага актывіста 90-х гадоў Валера Сядова. Яго затрымалі пасьля акцыі салідарнасьці з палітвязьнямі, якая адбылася 19 студзеня каля Чырвонага касьцёла ў Менску. Гэта пацьвердзіў дзяжурны ізалятара:

"Ёсьць такі ў нас. Выйдзе на волю 31 студзеня".

Сядоў, які публічна запатрабаваў свабоды палітвязьням і суду над Лукашэнкам, быў асуджаны на 12 сутак арышту.

Ці ёсьць навіны пра асноўных фігурантаў справы аб масавых беспарадках, якіх утрымліваюць у "амэрыканцы"? Зноў невядома пра сустрэчы адвакатаў з экс-кандыдатамі ў прэзыдэнты Ўладзімерам Някляевым, Андрэем Саньнікавым, Мікалаем Статкевічам і Алесем Міхалевічам. 21 студзеня абаронца Някляева Тамара Сідарэнка адбыла ў чарзе палову дня, на сустрэчу не патрапіла і кажа, што нікога з адвакатаў не пускалі:

"Яшчэ пайду пасьля абеду, паспрабую. Але нікога зь іншых адвакатаў таксама не пусьцілі".

З ізалятара КДБ працягваюць прыходзіць лісты ад вязьняў. Прынамсі па аднаму лісту сваякам даслалі большасьць вязьняў. Зь лістоў стала вядома, што Ірына Халіп знаходзілася ў адной камэры з Настай Палажанкай, а Аляксандар Фядута даслаў ня толькі паведамленьне, што зараз мае сапраўдны ложак, але і жартоўную карыкатуру. Але сама менш ад чатырох вязьняў лістоў дагэтуль няма, і сваякі ня ведаюць прычын іх маўчаньня. Жонка каардынатара "Эўрапейскай Беларусі" Зьмітра Бандарэнкі Вольга пералічыла тых , ад каго няма лістоў:

"Гэта Арастовіч, Вазьняк, Бандарэнка і Марцалеў".

Карэспандэнт: "А яшчэ Атрошчанкаў".

Бандарэнка: "Не, Даша атрымала ліст".

Дар'я Корсак, жонка прэсавага сакратара Саньнікава Алеся Атрошчанкава, пацьвердзіла, што 20 студзеня атрымала ад мужа ліст. Паводле Дар'і Корсак, ён мае пэўныя асаблівасьці:

Дар'я Корсак
"Пачынаецца ліст са слоў "буду кароткім"... Дзіўна. З 29 сьнежня майго мужа адвакат ня бачыў, невядома, што зь ім, і такі пачатак. Мяркую, гэта пісалася ў прысутнасьці сьледчага ці разам зь ім. Піша, што зь ім усё добра, але я вельмі ў гэтым сумняваюся".

19 студзеня Дар'я Корсак, адзіная са сваякоў вязьняў, выйшла да КДБ з партрэтам арыштаванага мужа і зьнічкай на знак салідарнасьці з усімі вязьнямі. Пасьля акцыі Дар'ю Корсак спынілі супрацоўнікі міліцыі. "Толькі дзякуючы журналістам і іншым людзям, якія выявілі салідарнасьць, мяне не затрымалі. Вялікі ўсім дзякуй", — сказала жонка арыштаванага актывіста.