Эўрапарлямэнт прагаласуе аб санкцыях супраць Менску 20 студзеня

Эўрадэпутаты абмяркуюць "сфальшаваныя сьнежаньскія выбары ў Беларусі" і прагаласуюць адносна санкцыяў, якія Эўразьвяз мае ўвесьці супраць беларускіх урадоўцаў.
У панядзелак у Страсбуры стартуе трохдзённая пленарная сэсія Эўрапарлямэнту, на якой плянуецца прыняць рэзалюцыю аб санкцыях супраць беларускага кіраўніцтва, паведамляе Эўрапейскае радыё для Беларусі.

«Эўрадэпутаты абмяркуюць сфальшаваныя сьнежаньскія выбары ў Беларусі, пасьля якіх дэманстрантаў атакавала міліцыя, а апазыцыйныя лідэры былі зьняволеныя. Эўрадэпутаты прагаласуюць адносна таго, якія санкцыі ЭЗ павінна ўвесьці супраць прэзыдэнта Лукашэнкі і іншых урадоўцаў», – гаворыцца на сайце Эўрапарлямэнту.

Чакаецца, што ў аўторак дэпутаты зададуць пытаньні аб Беларусі старшыню Эўракамісіі Жазэ Мануэлу Барозу, а ў сераду правядуць па беларускім пытаньні дэбаты. Затым – у чацьвер – Эўрапарлямэнт мае прагаласаваць па ўзгодненым тэксьце рэзалюцыі.