Прынята рашэньне пра бэатыфікацыю Яна Паўла ІІ

Бэнэдыкт ХVI трымае партрэт Яна Паўла II, архіўнае фота.

1 траўня 2011 года Папа Ян Павал ІІ будзе бэатыфікаваны.

Папа рымскі Бэнэдыкт ХVI падчас сустрэчы з ватыканскім кардыналам у справах кананізацыі Анджэла Амата 14 студзеня прыняў рашэньне апублікаваць ўказы, якія тычацца цуда заступніцтва Яна Паўла ІІ. У дакумэнце паведамляецца пра сапраўднасьць ацаленьня францускай законьніцы Марыі-Сімонэ П’ер Норманд, якое прыпісваецца заступніцтву Яна Паўла ІІ. Гаворка вядзецца пра невытлумачальныя з мэдычнага гледжаньня раптоўныя зьнікненьні сымптомаў хваробы Паркінсона.

Абрад бэатыфікацыі слугі божага Яна Паўла ІІ пройдзе 1 траўня 2011 году.

У ватыканскай базыліцы Сьвятога Пятра зараз распачаліся працы па пераносе цела папы Яна Паўла ІІ з Ватыканскіх гротаў у капліцу Сьвятога Сэбасьцяна. Падрыхтоўчыя працы прадугледжваюць ачышчэньне мазаікі Сьвятога Сэбасцьяна і перанясеньне цела бласлаўлёнага Інакенція ХІ. У месцы, дзе мае спачыць цела Яна Паўла ІІ, абапал разьмешчаныя статуі Пія ХІ і Пія ХІІ. На месца выбару паўплывала блізкасьць капліцы да ўваходу, што зробіць лягчэйшым доступ шматлікіх пілігрымаў, паведамляе «Радыё Ватыкана».