Што рабіць, калі патрабуюць падпіску пра неразгалошваньне?

Сотні актывістаў пасьля допытаў у КДБ, ператрусаў далі падпіску пра неразгалошваньне таямніцы сьледзтва. Ці абавязаныя яны былі даваць такую падпіску? Што пагражае за яе парушэньне? Як паводзіць сябе, калі патрабуюць даць такую падпіску? Тлумачэньні дае юрыст, прадстаўнік Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла.


Гары Паганяйла: Сапраўды, у нашым дзейным крымінальна-працэсуальным заканадаўстве ёсьць такая магчымасьць патрабаваць ад сьведкі, пацярпелага, экспэрта, спэцыяліста, іншых удзельнікаў судовага працэсу падпіску пра неразгалошваньне дадзеных дазнаньня, сьледзтва ці закрытага судовага паседжаньня. Аднак размова тут павінна ісьці менавіта пра таямніцу сьледзтва, а не пра што іншае. У нас нідзе не расьпісана, што зьяўляецца таямніцай сьледзтва. Таму папярэджаньне аб крымінальнай адказнасьці за разгалошваньне таямніцы сьледзтва – гэта цалкам праблематычная рэч.

Хаця ёй спрабуюць скарыстацца. Я на месцы грамадзянаў проста адмаўляўся б даваць такую падпіску. Калі дапытваюць сьведку, ён, па-першае, можа не даваць ніякіх тлумачэньняў супраць сябе і сваіх блізкіх родных, спасылаючыся на артыкул 27 Канстытуцыі («Нікога нельга прымушаць даваць паказаньні і тлумачэньні супраць самога сябе, членаў сваёй сям'і, блізкіх сваякоў. Доказы, атрыманыя з парушэньнем закону, ня маюць юрыдычнай сілы».). І з другога боку – адмаўляцца ад дачы такой падпіскі, не падпісваць. Пратакол пра допыт ён мае права падпісаць, а такую падпіску пра неразгалошваньне не даваць. І нічога зь ім ня зробяць, абсалютна. Гэта права грамадзяніна даваць падпіску пра неразгалошваньне.

Напрыклад, да адвакатаў, зь якіх таксама бяруць такую падпіску, іншых удзельнікаў працэсу, напрыклад экспэрта, які мае пасаду ў дзяржаўнай установе, могуць ужыць рэпрэсіі, нават звольніць, ці забраць ліцэнзію ў адваката. Але простаму ўдзельніку, грамадзяніну, якога выклікаюць на допыты, я б раіў проста не даваць такіх падпісак.

Ганна Соўсь: 12 студзеня супрацоўнікі КДБ правялі чарговы ператрус у кватэры Андрэя Саньнікава і Ірыны Халіп, а потым зрабілі ператрус у кватэры бацькоў Ірыны Халіп. Маці журналісткі Люцыя Юр’еўна прысутнічала падчас абодвух ператрусаў, але яна не паведаміла пра вынікі, спасылаючыся на падпіску пра неразгалошваньне. Што ў дадзеным выпадку яна можа гаварыць, а што ня можа гаварыць?

Паганяйла: Калі яна дала падпіску, то яна спакойна можа гаварыць пра тое, што сьледчыя дзеяньні, такія як ператрус, у яе адбываліся, што яны адбыліся з санкцыі пракурора (імя), назваць імя сьледчага, які праводзіў, і адзінае, што не разгалошваць – што было забрана, што было прадметам іх інтарэсу падчас сьледчага дзеяньня. Вось і ўсё, таму што выкарыстоўваючы такія цьмяныя фармулёўкі ў нашым законе, нераскрытыя абсалютна, ўлады спрабуюць іх ужываць і закрываць увогуле ўсе дадзеныя пра тое, што адбывалася. Таму я раю проста не даваць такіх падпісак.

Соўсь: Вы кажаце пра крымінальную адказнасьць за неразгалошваньне. Што пагражае людзям за гэта?

Паганяйла: Я агучу артыкул 407.

Разгалошваньне дадзеных дазнаньня, папярэдняга сьледзтва ці закрытага судовага паседжаньня.
1. Наўмыснае разгалошваньне дадзеных дазнаньня, папярэдняга сьледзтва ці закрытага судовага паседжаньня асобай, якую папярэдзілі ва ўсталяваным законе парадку пра недапушчальнасьць іх разгалошваньня, без дазволу асобы, якая праводзіла дазнаньне, сьледчага, пракурора ці суду – караецца штрафам ці арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў.
2. Тое самае дзеяньне, якое ўчыніла асоба, якая мае доступ да матэрыялаў крымінальнай справы па службе, – караецца штрафам , альбо арыштам на тэрмін да шасьці месяцаў, альбо абмежаваньнем свабоды на тэрмін да трох гадоў з пазбаўленьнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасьцю альбо без пазбаўленьня.


Але гэты артыкул крайне рэдка ўжываецца. І я думаю, што цяпер ён выкарыстоўваецца выключна для запалохваньня і дзеля таго, каб як мага меней было інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне, пра характар дзеяньняў, якія прадпрымаюць улады ў сувязі са справай 19-20 сьнежня. Такія справы ня будуць заводзіцца... Хаця ад дурной ўлады чакаць нармальных дзеяньняў таксама не даводзіцца.

Соўсь: Ці былі прэцэдэнты. калі людзей каралі за парушэньне падпіскі пра неразгалошваньне?

Паганяйла: Не. Па адным, напрыклад, допыце грамадзянін ведаў пра тыя абставіны, пра якія ведалі яшчэ дзясяткі грамадзянаў, так што захаваць таямніцу сьледзтва немагчыма. Малая колькасьць зьвестак, якую органы дазнаньня ці сьледзтва атрымалі ў выніку допыту таго ці іншага грамадзяніна ў якасьці сьведкі, па сутнасьці не стварае склад злачынства, таму што для складу злачынства патрэбныя сур'ёзныя наступствы для самога расьсьледаваньня справы, для сыстэмных стратаў. Гэта спроба з дапамогай такіх нормаў закону паўплываць на сытуацыю ў краіне, закрыць інфармацыйную прастору, нагнаць страху, паралізаваць структуры грамадзкай супольнасьці.