Расея назвала прычыны катастрофы польскага прэзыдэнцкага самалёта

Непасрэднай прычынай катастрофы польскага Ту-154 стала рашэньне экіпажу не выходзіць на запасное лётнішча. Пра гэта гаворыцца ў справаздачы паводле вынікаў расьсьледаваньня авіякатастрофы Міждзяржаўнага авіяцыйнага камітэту (МАК). Таксама ў справаздачы гаворыцца, што самалёт перад вылетам з Варшавы быў спраўны.

Старшыня МАК Тацяна Анодзіна на прэсавай канфэрэнцыі ў Маскве адзначыла, што "сыстэмнымі прычынамі катастрофы зьявіліся істотныя недахопы ў арганізацыі лётнай працы, падрыхтоўцы сяброў экіпажу і ў забесьпячэньні дадзенага асабліва важнага палёту ў спэцыяльным авіяпалку".

Анодзіна падкрэсьліла, што недахопы інфраструктуры лётнішча Смаленск-Паўночны, стану і тэхнічнага ўзроўню радыётэхнічнага, сьветасыгнальнага і метэаабсталяваньня, наземных сродкаў аб'ектыўнага кантролю, а таксама дзеяньні групы кіраўніцтва палётамі не былі прычнымі катастрофы.

Самалёт прэзыдэнта Польшчы Леха Качыньскага пацярпеў крушэньне пад Смаленскам 10 красавіка 2010 году. Загінулі 96 чалавек, улучна з прэзыдэнтам.