Эўропа — Менску: "Без усялякіх умоваў выпусьціць усіх затрыманых"

Войцех Бародзіч-Смалінскі

12 студзеня ў Эўрапарлямэнце ў Брусэлі адбудзецца дыскусія па беларускім пытаньні. Ці можна меркаваць, якія варыянт рэакцыі на дзеяньні беларускіх уладаў выберуць палітыкі Эўразьвязу? Ці ня можа далейшае ўвядзеньне візавых санкцыяў прывесьці да эскаляцыі канфлікту паміж афіцыйным Менскам і Брусэлем? На гэтыя пытаньні адказвае з Варшавы экспэрт Цэнтру міжнародных дачыненьняў Войцех Бародзіч-Смалінскі.
Цыганкоў: Уліваючы выказваньні эўрапейскіх палітыкаў апошніх тыдняў, да якога рашэньня схіляецца Эўропа ў беларускім пытаньні?

Бародзіч-Смалінскі: Наколькі мы гэта адчуваем тут, у Варшаве, можна чакаць, што будуць пашыраныя далейшыя санкцыі. Гэта ня будуць эканамічныя санкцыі, а гэта будзе далейшая забарона ўезду ў краіны Эўразьвязу. Ужо ня толькі для самых галоўных чыноўнікаў, а для ўсіх міліцыянтаў, судзьдзяў, пракурораў. Усіх іх можна вельмі лёгка і эфэктыўна ідэнтыфікаваць.

Цыганкоў:
Міністар замежных спраў Беларусі Мартынаў зараз вядзе актыўную чаўночную дыпляматыю, езьдзіць па эўрапейскіх сталіцах. Ці можа рашэньне эўрапейскіх палітыкаў залежаць ад таго, як павядзе сябе афіцыйны Менск? Ці могуць нейкія крокі кіраўніцтва Беларусі, напрыклад, вызваленьне вязьняў, паўплываць на стаўленьне Эўропы?

Бародзіч-Смалінскі:
Ёсьць спробы з боку беларускага кіраўніцтва "гандляваць арыштаванымі". Але ў Эўропе ёсьць разуменьне таго, што нават у тых, каго адпусьцілі з-пад арышту, узялі падпіску аб нявыезьдзе. І ў любы момант могуць пасадзіць назад. Таму адзіны рэальны жэст, які маглі б зрабіць беларускія ўлады, — гэта без усялякіх умоў выпусьціць усіх затрыманых пасьля 19 верасьня. Гэта можна было б успрыняць як нейкі пазытыўны жэст.

І калі гэтага не адбудзецца, то Мартынава будуць прымаць толькі як афіцыйнага прадстаўніка, якому трэба нешта перадаць, які нічога не вырашае. І калі ня будзе зроблена такога жэсту — поўнага вызваленьня — то галоўная думка Эўропы застанецца такой, што трэба неяк даволі жорстка адказаць на тое, што адбылося пасьля 19 сьнежня.

Цыганкоў: Ці аналізуюць эўрапейскія палітыкі магчымасьць эскаляцыі канфлікту, калі ў адказ на дзеяньні Эўропы афіцыйны Менск пачне рабіць нешта ў нэгатыўным кірунку — пашыраць рэпрэсіі альбо далей звужаць стасункі з Эўразьвязам?

Бародзіч-Смалінскі: Я думаю, што больш жорсткіх рэпрэсій Менск рабіць ужо ня можа. Што яшчэ можна зрабіць горшага за арышты людзей? Мяркую, ніякіх новых крокаў у пагаршэньні адносінаў з Эўропай Менск таксама ня мае магчымасьці рабіць у цяперашняй сытуацыі. Кожны чарговы арышт будзе пераконваць эўрапейскіх палітыкаў, што трэба перагледзець стаўленьне да Менску.