Эўрапейская Народная Партыя заклікае унівэрсытэты ЭЗ прыняць беларускіх студэнтаў

Старшыня Эўрапейскай народнай партыі (ЭНП) Вільфрэд Мартэнс заклікае унівэрсытэты краінаў ЭЗ прыняць беларускіх студэнтаў у выпадку іх выключэньня за удзел у мітынгах апазыцыі.
Пра гэта Мартэнс заявіў пасьля сустрэчы з лідэрам руху "За Свабоду" Аляксандрам Мілінкевічам у Бруселі 11 студзеня, паведамляе прэс-служба партыі.

"Я вітаю ініцыятыву польскіх і літоўскіх унівэрсытэтаў адчыніць свае дзьверы для беларускіх студэнтаў (удзельнікаў дэманстрацыі апазіцыі) у выпадку іх выключэньня і заклікаю унівэрсытэты ўсіх краін — чальцоў ЭЗ падхапіць гэтую ініцыятыву, а Эўракамісію — аказаць дапамогу", — заявіў Мартэнс.

Лідар ЭНП выказаў меркаваньне, што калі Эўропа жадае ўбачыць Беларусь дэмакратычнай у будучыні, то яна павінна ўсімі магчымымі спосабамі падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць у краіне, як паведамляе БелаПАН.

Мартэнс паведаміў таксама, што абмеркаваў з Мілінкевічам беларускую сітуацыю, а таксама магчымую рэакцыю на яе з боку ЭЗ. "Жахлівыя інцыдэнты мінулага месяцу нагадалі Эўропе, што Беларусьсю кіруе ўрад-ізгой, які выказвае поўную непавагу да дэмакратычных каштоўнасьцяў і вяршэнства закону", — сказаў Мартэнс.

ЭНП з'яўляецца самай буйной эўрапейскай палітычнай партыяй. Яна аб'ядноўвае дзясяткі партый з 39 краін і ўтварае найбуйнейшую фракцыю ў Эўрапарлямэнце.