Музыкі N.R.M. гатовыя несьці сьцяг і бяз Вольскага

гурт N.R.M, архіўнае фота

Напярэдадні юбілейнай, 15-й па ліку "Рок-каранацыі", якая адбудзецца 18 лютага ў Менску, паўстала пытаньне аб адзінстве шэрагаў у адным з самых папулярных рок-калектываў Беларусі.

Музыкі гурту N.R.M. заявілі, што будуць выступаць на імпрэзе безь Лявона Вольскага, бо той ужо даўно адышоў ад каманды і працуе па індывідуальнай праграме. Чакаць, калі ў Вольскага зьявіцца час і жаданьне аднавіць "Незалежную Рэспубліку Мроя", музыкі ня хочуць.

Апошні канцэрт у сваім залатым складзе N.R.M. даў год таму, у лютым 2010-га. Ад часу выхаду апошняга альбома "06" увогуле мінула чатыры гады. Гітарыст N.R.M. Піт Паўлаў кажа, што фактычна ў камандзе ўжо працяглы час застой, прычынай якому — лідэр гурту Лявон Вольскі:

Піт Паўлаў
"Ніякай пікантнай сытуацыі няма. Непаразуменьні зьявіліся чатыры гады таму. А ў вас зараз проста зьявілася інфармацыйная нагода…"

Карэспандэнт: "Асабліва напярэдадні "Рок-каранацыі", калі рубам стала пытаньне — ці будзе N.R.M. увогуле..."

"Будзе N.R.M. у складзе безь Лявона Вольскага. Ёсьць N.R.M. у сваім клясычным складзе безь Лявона Вольскага…"

Карэспандэнт: "Ці можна ўсё ж лічыць склад клясычным бяз Вольскага?"


"Можна лічыць, ня можна — гэта ўсё вонкава. Але N.R.M. зараз мае такі выгляд, гэта стан гурту на сёньня, іншага няма… Я ўвогуле ня ведаю, што адбываецца зь Лявонам. Маючая адбыцца "Рок-каранацыя" — юбілейная, і, натуральна, там хацелі бачыць N.R.M. Лявону патэлефанаваў арганізатар імпрэзы Павел Кашырын, але Лявон адмовіўся ад каранацыі пад нейкай прычынай, якую я дакладна ня ведаю.

З боку Лявона гэта ўжо была 10-я ці 15-я адмова ад канцэртаў за апошнія некалькі гадоў — ад слушных, камэрцыйных прапановаў. І ён пра гэта нічога не казаў. Але потым Кашырын патэлефанаваў нам — дзякуючы таму, што нас ведае таксама. На гэты час N.R.M. ужо паўгода рэпетаваў бяз Вольскага, бо ён ня ходзіць на рэпэтыцыі, не тэлефануе, кажа, што ў яго няма часу. У выніку мы прынялі прапанову Пашы, але папярэдзілі, што граць будзем менавіта ўтрох: N.R.M. ёсьць альбо такі, альбо ніякага іншага. Так выглядаюць факты".

Лявон Вольскі
Сам Лявон Вольскі праз тэлефон недасяжны, але на сваіх старонках у Facebook'у і на партале TUT.by ён выклаў зварот да слухачоў і ўскосны адказ калегам — "каб не камэнтаваць кожнаму тое, што пракамэнтаваць немагчыма": "Цяжка на душы. Найперш ад таго, што адбываецца ў краіне. А таксама цяжка з прэсы даведвацца, што я знаходжуся ў бестэрміновым адпачынку, куды мяне адправілі калегі па гурту. Даруйце ім гэты крок у гэты час. Даруйце мне, што гэткая сытуацыя сталася мажлівай. Безумоўна, для ўсяго былі нейкія перадумовы, але папярэдне не патэлефанаваць і не параіцца — неяк зусім не па-чалавечы". Пры канцы допісу Лявон Вольскі просіць фанатаў N.R.M дараваць усім, датычным да гэтае абсурднай падзеі, што яна адбылася.

Аднак калегі Вольскага ня бачаць падставаў, каб прыняць віртуальныя выбачэньні свайго нязьменнага лідэра. Бубнар N.R.M. Алег "Алезіс" Дземідовіч кажа, што сам Лявон не тэлефанаваў ім па паўгода, даўно страціўшы інтарэс да свайго ж дзецішча:

"Апошні раз мы зь ім размаўлялі ў траўні месяцы... Прэтэнзіі Лявона на TUT.by выглядаюць так: чаму не патэлефанавалі, не па-чалавечы зь ім абышліся. Мяне такія заявы зьдзіўляюць, таму што зь ім насамрэч размаўлялі наконт канцэртаў і адмена заўсёды ішла з аднаго боку, зь Лявонавага. Не магу нешта тлумачыць, але прынамсі тры чалавекі з N.R.M. канцэрты граць хацелі.

Натуральна, нам таксама не хацелася б кідацца абвінавачваньнямі — вось, маўляў, ва ўсім Лявон вінаваты. У яго, напэўна свае прычыны, пра якія ён нам, на жаль, не казаў. Афіцыйная вэрсія — ён заняты, бо розныя арганізатары зь ім зьвязваліся і размаўлялі. Зразумейце, тут не было мэты зрабіць нешта насуперак, проста мы не маглі быць у такім адстоі, чагосьці чакаць — калі зьявіцца час, а можа, ён наогул ня зьявіцца. Таму мы пішам новыя песьні, зьбіраемся выдаць новы альбом. Хочацца канкрэтнымі рэчамі займацца, а ня проста чакаць. Бо атрымліваецца, калі б нічога не рабілі, то была б цішыня. Ня выйшлі б на "Рок-каранацыю", і ўсе былі б шчасьлівыя. Для нас выглядае, што больш да месца казаць так: Лявон проста "самаадхіліўся" ад працэсу".



Гурт N.R.M. быў утвораны ў 1994 годзе на "базе" ня менш папулярнай "Мроі". Зьмена назвы была зьвязаная з жаданьнем адысьці ад "мройных" стэрэатыпаў і пачаць граць новую музыку. Культавыя творы — "Песьня пра каханьне", "Паветраны шар", "Тры чарапахі". У новым тысячагодзьдзі музыкі пачалі сумяшчаць удзел у N.R.M. зь дзейнасьцю ў іншых музычных праектах. У сярэдзіне 2000-х N.R.M. трапіў у "чорны сьпіс" выканаўцаў, забароненых да ратацыі на радыёстанцыях, і ня меў магчымасьці даваць канцэрты. У 2007-м, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году, быў выдадзены студыйны альбом "06", запісаны пад уплывам палітычных падзей вясны 2006-га. Ад таго часу новых альбомаў калектыў не выпускаў.