Хашчавацкі пра фільм БТ: бруд і мана

Увечары 9 студзеня Першы беларускі канал паказаў шырока разрэклямаваны прапагандысцкі фільм "Плошча. Жалезам па шкле". Невядомыя стваральнікі стужкі ставілі на мэце выкрыць "злачынныя намеры" апазыцыі, якая вывела 19-га сьнежня людзей на плошчу Незалежнасьці. Апазыцыйныя лідэры, на думку аўтараў фільма, рыхтавалі ў Беларусі дзяржаўны пераварот.

Ляўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў рэжысэр-дакумэнталіст Юры Хашчавацкі дае фільму "Жалезам па шкле" такую ацэнку:

Юры Хашчавацкі
"Бруд і мана. У іх ужо, на мой погляд, скончылася ўменьне нават хлусіць. Ва ўсялякім разе, на тэлебачаньні. Таму і атрымаўся зь вялікага грому маленькі дожджык. Пачнём з назову — "Жалезам па шкле". Ну, і што страшнага? Гэта што, горш, чым дубінай па чалавеку?! І, калі разабрацца, "Жалезам па шкле" — каго яны палохаюць?"

Юры Хашчавацкі адзначае: у стваральнікаў гэтага фільму дадалося нахабства:

"Нестыкоўкі абсалютна вар'яцкія. Гэта спроба пераканаць, што Някляева зьбіў Статкевіч, гэта наагул нейкая сваволя. Хаця і відэазапісы ёсьць, і сьведак мноства, што нашага народнага паэта зьбівалі спэцслужбы. Я рот адкрыў ад нахабства. Уменьня маніць па-кінэматаграфічнаму няма, а вось нахабства -- велізарная колькасьць".

Дарэчы, гэты эпізод зь фільму выклікаў, як бачна на розных сайтах, шмат у каго аднолькавае пытаньне: калі Някляева да непрытомнасьці сапраўды зьбілі ягоныя канкурэнты з апазыцыйнага лягеру, то чаму яго з бальніцы хуткай дапамогі сілай зьвезьлі ў СІЗА КДБ? Былы сьледчы Алег Воўчак мяркуе: гэта зроблена таму, што не канкурэнты, а нейкія спэцназаўцы, нават не звычайны АМАП, зьбівалі кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева:

Алег Воўчак
"Сьледчы павінны быў прызнаць яго пацярпелым. І, натуральна, вызваліць. І адначасова прад'явіць абвінавачваньне фігурантам справы, згаданым кандыдатам у прэзыдэнты.

Гэта спэцыяльна ўкінулі ў грамадзтва праз БТ. Хочуць паглядзець, як людзі на гэта адрэагуюць. І народ ужо адрэагаваў — ніхто, вядома, не паверыў, што Статкевіч альбо Саньнікаў будуць зьбіваць Някляева, каб пазбавіцца ад канкурэнта. Ну, абсурд гэта, канечне".

У фільме "Жалезам па шкле" ёсьць яшчэ адна выразная лінія, безь якой рэдка абходзяцца сюжэты пра апазыцыю. Гэта — фінансаваньне з-за мяжы. Напрыклад, сьцьвярджаецца, што ў камандзе Някляева ўсе працавалі выключна за грошы, а ідэйных прыхільнікаў у яго не было.

Апазыцыйны палітык Аляксандар Дабравольскі такім сьцьвярджэньням безыменных аўтараў фільму зусім ня дзівіцца:

Аляксандар Дабравольскі
"Людзі, якія шмат гадоў працуюць у апазыцыі, робяць гэта абсалютна не за грошы. Яны рызыкуюць. А гэта азначае, што ў іх ёсьць ідэя, ёсьць свае прынцыпы. Лукашэнка заўсёды ставіўся да тых, хто зь ім ня згодны, з пагардай. І гэта вельмі кепская палітыка. Калі чалавек хоча разьяднаць нацыю, то менавіта так гэта і робіцца. А калі хочаш аб'яднаць нацыю, то тады ня трэба абвінавачваць тых, хто думае інакш, што яны робяць гэта за грошы. Як быццам Лукашэнка жыве бяз грошай".

Юры Хашчавацкі прыводзіў яшчэ шмат прыкладаў, калі тое, што ўчора паказвалі па БТ, супярэчыла кадрам зь іншых каналаў. Так, кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі, і гэта неаднаразова паказвалі замежныя каналы, асабіста адштурхоўваў ад дзьвярэй Дома ўраду людзей, якія спрабавалі іх зламаць:

"А на акцэнце да заклікаў біць, ламаць і г.д. пастаянна трапляў у кадар Рымашэўскі. Альбо сказ: "Натоўп ішоў, зьмятаючы ўсё на сваім шляху". Што яны зьмялі? Яны прайшлі па праспэкце, не зламаўшы ніводнай галінкі, не разьбіўшы ніводнай вітрыны, ніводнага вакна. "Натоўп ішоў, зьмятаючы ўсё на сваім шляху". Гэта ўсё — пачварная хлусьня".