"Беларусь – не Сынгапур, а позьні абсалютызм"

Бізнэс-цэнтар "21 стагодзьдзе" ў Менску

31 студзеня Аляксандар Лукашэнка падпісаў дырэктыву №4 "Аб разьвіцьці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляваньні дзелавой актыўнасьці у Рэспубліцы "Беларусь". Ці апраўдаў чаканьні экспэртаў гэты дакумэнт, ці можа ён прывесьці да сапраўднай лібэралізацыі беларускай эканомікі? Колькі трэба зьмяніць законаў, каб выканаць усе задачы Дырэктывы, і ці зьбіраецца ўлада гэта рабіць? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы "Экспэртыза Свабоды" адказваюць прадпрымальнік і юрыст Сяргей Балыкін і эканамічны экспэрт Сяргей Чалы. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Як вядома, размовы пра прыняцьце нейкага дакумэнту аб лібэралізацыі
эканомікі хадзілі ці не паўгоду. Наколькі Дырэктыва апраўдала вашы чаканьні ў гэтым сэнсе? Ці можна казаць, што гэты дакумэнт сапраўды можа прывесьці да лібэралізацыі беларускай эканомікі?

Чалы
: Ад пачатку чаканьні былі вельмі высокія, асабліва пасьля таго, як пра гэтую Дырэктыву было сказана падчас пасланьня прэзыдэнта да дзьвюх палатаў парлямэнту ў красавіку. У той момант здавалася, што гэта сапраўды радыкальны дакумэнт, адзін з асноўных элемэнтаў будучай эканамічнай палітыкі. Але як сталі праточвацца праекты гэтай дырэктывы, стала зразумела, што нічога радыкальнага ў эканоміцы нашы ўлады прапанаваць ня могуць. Фактычна гэты дакумэнт сабралі з законапраектаў аб падтрымцы малога і сярэдняга бізнэсу і разьвіцьці дзяржаўнага і прыватнага партнэрства.
Стала зразумела, што нічога радыкальнага ў эканоміцы нашы ўлады прапанаваць ня могуць.


Увогуле гэта быў трэці тэкст, які я бачыў і кожны зь іх станавіўся ўсё горш. Таму ў мяне ўражаньне, што падпісалі яго толькі таму, што "калі абяцалі – дык няхай ужо нешта будзе".

Балыкін
: Увогуле, не зразумела, што такое Дырэктыва, які яе статус, ці зьяўляецца яна нарматыўным актам, ці проста палітычнай дэклярацыяй. Якая сіла гэтага дакумэнту, ці можна спасылацца на дырэктыву ў судзе. Што рабіць, калі яна супярэчыць нейкім нарматыўным актам? Чым карыстацца ў такім выпадку – Дырэктывай ці законам? Не зразумела.

І самае галоўнае – гэта ж ня болей чым плян дзеяньняў. Нават проста даручэньне распрацаваць плян. А якім ён будзе, калі будзе рэалізаваны, невядома. Так мы можам чакаць гэтага яшчэ пяць гадоў.

Цыганкоў: Так, Дырэктыва ня мае форму канкрэтнага заканадаўчага акту. Яго хутчэй выглядае як пералік задач, якія трэба ажыцьцявіць. Таму выглядае даволі лёзунгава – трэба рабіць тое і тое. Колькі законаў давядзецца памяняць, і ці ёсьць палітычная воля дзяржавы рабіць гэта?

Балыкін: Шчыра кажучы, нічога прымаць ня трэба. Збольшага трэба адмяняць. Адмяніць усе тыя абмежаваньні, якія перашкаджаюць бізнэсу жыць. Трэба адмяняць шмат якія
Адмяніць усе тыя абмежаваньні, якія перашкаджаюць бізнэсу жыць.
дэкрэты прэзыдэнта, пастановы ўраду, мясцовых органаў улады – без гэтага прадпрымальнікам жыць было б значна прасьцей. Адмяніць некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэкса, тыя нарматыўныя акты, якія абмяжоўваюць свабоду цэнаўтварэньня, дэкрэт аб кантрактах, пастанову ўраду аб тарыфнай сетцы – усё гэта варта было адмяніць, калі б улада хацела, каб бізнэс разьвіваўся.

Цыганкоў: Ці гатовая ўлада пайсьці на гэта?

Балыкін: Думаю, не. Дзяржава, верагодней за ўсё, створыць процьму працоўных групаў, будуць праводзіцца нарады, будуць пісаць лісты прадпрымальніцкім аб'яднаньням, будуць разглядацца іхнія прапановы. І гэта ўсё зойме гады – і ўсе будуць занятыя справай.

Цыганкоў: Ці ёсьць цяпер палітычная воля ў кіраўніцтва дзяржавы пайсьці на рэальную лібэралізацыю, воля зьмяншаць абмежаваньні, скасоўваць кантроль над цэнамі, рынкам працы?

Чалы: Мне здаецца, што зараз якраз ніякай палітычнай волі на гэта няма. У выніку падзеяў канца году, насупраць, у іх ёсьць нейкі такі адміністратыўны разгул, маўляў, мы цяпер можам рабіць у эканоміцы што заўгодна. І апошнія крокі, такія як увядзеньне дадатковых збораў за права гандлю калійнымі ўгнаеньнямі, падзеі на Пінскдрэве, якія фактычна парушаюць права ўласнасьці, толькі даказваюць гэта. У сытуацыі, калі няма ніякага грамадзкага кантролю, улады маюць спакусы рабіць, што захочацца.
Уся гэта дырэктыва – гэта саступка прадпрымальніцкім саюзам.

Уся гэта дырэктыва – гэта саступка прадпрымальніцкім саюзам. Усё, што там ёсьць карыснага – гэта прапановы па разьвіцьцю малога і сярэдняга бізнэсу. Я б сказаў так, што гэтую дырэктыву прымалі ўжо з неахвотай, бо ўжо сорамна было не прыняць. У нейкія сур'ёзныя крокі па яе рэалізацыі я ня веру.

Цыганкоў: Гэта як? Там жа ёсьць 9 пунктаў, дзе напісана, што неабходна зрабіць тое і тое. І што – усё гэта праігнараваць?

Чалы: Калі прыглядзецца, то там ёсьць толькі два канкрэтных даручэньня. Фактычна гэта толькі заклікі і дэклярацыі. У раньніх праектах было звыш 20 прамых даручэньняў – падрыхтаваць нейкі канкрэтны закон, стварыць адмысловы орган антыманапольны. Цяпер там засталося толькі інэрцыйныя рэчы – што будзе зрабіць лёгка, тое зробяць. А што патрабуе карэнных зьменаў, там нічога ня будзе. Думаю, хутчэй наадварот, наша эканамічная сытуацыя будзе трансфармавацца туды ж, куды і палітычная – у нешта накшталт ваеннага камунізму

Цыганкоў: Ня толькі праўладныя, але і незалежныя экспэрты перад выбарамі пісалі пра тое, што Беларусь, магчыма, ідзе шляхам Сынгапуру – эканамічная мадэрнізацыя на тле палітычнага даволі жорсткага рэжыму. Ці ёсьць у Беларусі нейкае падабенства з такім шляхам разьвіцьця?
Ніводнай з умоваў, неабходных для мадэлі аўтарытарнай мадэрнізацыі, у нас няма.


Балыкін: Каб ісьці шляхам Сынгапуру, трэба каб ва ўладзе былі іншыя людзі. Каб той аўтарытарны кіраўнік быў цывілізаваным, разумным, каб ён разумеў, што ня трэба цкаваць бізнэс. На жаль, у Беларусі палітычнай волі да эканамічнай лібэралізацыі няма, ёсьць толькі імкненьне чыноўнік распрацоўваць на сваю карысьць нейкія праграмы. Гэтым усё і абмяжуецца.

Цыганкоў: Сяргей, а вам якая гістарычная паралель падаецца найбольш верагоднай?

Чалы: Каб удаўся шлях Сынгапуру, то акрамя жорсткай палітычнай волі, трэба яшчэ некалькі важных умоваў, якіх у нас няма. Па-першае, абсалютная адкрытасьць эканомікі. Беларусь – краіна зь вялізнай колькасьцю бар'ераў у замежным гандлі. Больш за тое, Беларусь зараз – удзельніцы Мытнага саюзу, які ні што іншае, як звычайнае пратэкцыянісцкае ўтварэньне. Таму ніякай канкурэнцыі з сусьветнымі вытворцамі ў нас няма і быць ня можа.

Акрамя гэтага, патрэбна гарантыя абароны права ўласнасьці, якое ў нас парушаецца літаральна праз пару дзён пасьля прыняцьця гэтай дырэктывы, і якасьць судовай сыстэмы, якая здольная гэтыя правы адстойваць. Як у нас працуюць суды канвэерам, мы ведаем. Таму ніводнай з умоваў, неабходных для мадэлі аўтарытарнай мадэрнізацыі, у нас няма.

Калі даваць нейкія гістарычныя аналёгіі, то ў нас цяпер нейкі позьні абсалютызм напярэдадні буржуазнай рэвалюцыі. Калі ёсьць вялікае багацьце ў фэадалаў, але яно яшчэ не зьяўляецца капіталам. І бліжэйшыя гады – гэта будзе пэрыяд пераўтварэньня людзей, што атрымлівалі рэнтныя даходы дзякуючы асобым адносінам у уладай, у нармальных капіталістаў.