Суд у ЗША патрабуе ад Twitter дадзеныя карыстальнікаў

Суд у ЗША абавязаў сэрвіс мікраблёгаў Twitter перадаць уладам усе дадзеныя пра людзей, зьвязаных з сайтам WikiLeaks.

Фэдэральны акружны суд у штаце Вірджынія патрабуе ад Twitter імёны карыстальнікаў, адрасы, гісторыю падключэньняў і запісы, нумары тэлефонаў і рэквізіты плацяжоў цэлага шэрагу актывістаў.

У іх ліку заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж і дэпутат парлямэнту Ісляндыі Біргіта Ёнсдатыр.

WikiLeaks сёньня заявіла, што ёсьць падставы меркаваць, што Google і Facebook атрымаюць падобныя патрабаваньні ад суду.

WikiLeaks выклікаў незадаволенасьць урадаў розных краін публікацыяй сотняў тысяч сакрэтных дакумэнтаў, у тым ліку матэр’ялаў аб войнах у Іраку і Аўганістане і амэрыканскай дыпляматычнай перапіскі. ЗША высьвятляюць цяпер магчымыя шляхі прыцягненьня заснавальніка WikiLeaks да судовай адказнасьці.