Каляды за турэмнымі кратамі

Пярэдадзень Раства Хрыстова, 6 студзеня, у сем’ях палітзьняволеных праваслаўнага веравызнаньня прайшоў безь сьвяточнай куцьці. Гэтымі днямі сваякі вязьняў «амэрыканкі» прыкладаюць намаганьні, каб вызваліць сваіх родных. Юрыдычную і маральную падтрымку пацярпелым арганізоўваюць праваабарончыя і грамадзкія арганізацыі і рухі.

Пярэдадзень сьвята Раства Хрыстовага паводле праваслаўнага календара для валянтэраў грамадзкай ініцыятывы ў падтрымку палітвязьняў, як і прамінулыя сьвяты, прайшоў у працоўным рэжыме. Гэтымі днямі дапамагаюць тым, хто выйшаў і хто па-ранейшаму застаецца за кратамі, кажа валянтэрка Алена:

«У сядзібу партыі БНФ, дзе мы працуем, прыходзіць багата людзей, якія адседзелі 10-15 сутак, і мы спрабуем ім чымсьці дапамагчы: накіроўваем у праваабарончыя арганізацыі, дзе ім дапамагаюць юрыдычна, бо многіх людзей выключаюць з ВНУ, звальняюць з працы. Таксама сюды працягваюць ісьці людзі, якія нясуць нейкія падаруначкі, сувэніры сьвяточныя, каб хоць крыху асьвятліць для гэтых людзей гэтыя ўрачыстыя дні, якія сталіся зусім не сьвяточнымі. Мы перадаем гэтую дапамогу і падтрымку, каму яна адрасаваная. Таксама тут сабралася вельмі шмат навагодніх і калядных паштовак, якія многія простыя людзі пісалі 19 сьнежня і пазьней для зьняволеных. Мы кожнаму дорым такую паштоўку, кожная зь якіх — асобны мастацкі твор, бо людзі пісалі цёплыя словы ад усяе душы і ад усяго сэрца тым, хто пацярпеў ад уладаў 19 сьнежня».



Сябры грамадзянскай ініцыятывы «Вызваленьне», якую заснавалі сваякі новых беларускіх палітвязьняў, гэтымі днямі сустракаюцца з амбасадарамі замежных краін, а таксама зьбіраюць подпісы пад зваротамі да кіраўнікоў краін Эўразьвязу і ЗША, у Чырвоны Крыж і іншыя міжнародныя арганізацыі. Праваслаўнае сьвята Раства Хрыстовага, як і Новы год, у сем’ях зьняволеных ізноў будзе несьвяточным, кажа жонка Ўладзімера Някляева Вольга:

«Уладзімер Пракопавіч — праваслаўны вернік, і мы заўсёды адзначалі Каляды: ноччу куцьця была, мак таўклі, абаранкі былі — усё як трэба. Нічога гэтага ў яго ня будзе зараз. Адзінае — я яму крыжык перадала. Малітоўнік не ўзялі. Я хацела да яго заўтра падысьці, але мне сказалі, што заўтра перадачы браць ня будуць — у іх жа тры выходныя! І адвакатам сказалі, што да наступнага тыдня можаце не турбавацца. Спадзяваньняў у мяне няшмат, але ўсё ж нейкая надзея застаецца, калі нас падтрымае міжнародная супольнасьць.
Мы заўсёды адзначалі Каляды: ноччу куцьця была, мак таўклі, абаранкі былі — усё як трэба. Нічога гэтага ў яго ня будзе зараз.
У нас зь імі ёсьць добры кантакт, бо для іх гэта таксама вялікі шок — яны самі зразумелі, што, магчыма, ня так паводзіліся з Лукашэнкам. Зараз добра бачна, які ён насамрэч — які вялікі дэмакратызатар і лібэралізатар з дапамогай дубінак і спэцназу. Спадзяемся таксама на дапамогу міжнародных праваабаронцаў — з Украіны, Польшчы Расеі».

Давесьці праўду пра падзеі ў Беларусі 19 сьнежня і пасьля іх да міжнароднай супольнасьці намагаецца таксама Каардынацыйны камітэт грамадзкай салідарнасьці з палітвязьнямі, у які ўваходзяць прадстаўнікі палітычных партый і рухаў. Гаворыць прадстаўнік камітэту і сябра перадвыбарчага штабу Андрэя Саньнікава, кіраўнік менскай арганізацыі партыі БНФ Віктар Івашкевіч:

«Зараз у асноўным ідуць перамовы з амбасадарамі эўрапейскіх краін — учора такая сустрэча была ў Варшаве, сёньня ў Вільні — у сувязі з тым, што 12 студзеня ў Брусэлі будуць разглядаць пытаньне па Беларусі, і мы стараемся, каб рашэньне было максымальна ясным і жорсткім у дачыненьні да тых злачынстваў, якія рэжым учыняе адносна сваіх жа грамадзян. І таксама мы рыхтуем інфармацыйную кампанію, каб давесьці да ўсіх грамадзян Беларусі, што ж адбылося 19 сьнежня насамрэч».

Сваякі палітвязьняў таксама распачалі збор подпісаў пад зваротам да Эўрапарлямэнту, які разгледзіць беларускае пытаньне 12 студзеня.