Дыяксінавы скандал у Нямеччыне

Сярод немцаў растуць асьцярогі ў сувязі з магчымасьцю атручваньня таксычным рэчывам дыяксін, які трапіў у харчовую сетку.

Яно было знойдзена ў яйках, кураціне і сьвініне. У шматлікіх раёнах Нямеччыны ідзе забой птушкі, больш за тысячу фэрмаў атрымалі распараджэньне спыніць збыт сваёй прадукцыі.

Улады абвясьцілі, што адна фірма прадала ў чатырох фэдэральных землях да 3 тысяч тон корму, заражанага рэчывам, якое прызначалася для тэхнічных патрэб. Больш за 100 тысяч яек з фэрмы, якая набыла гэты корм, было экспартавана ў Галяндыю.

Улады кажуць, што прынятыя неабходныя меры перасьцярогі, і што падстаў для панікі ў сувязі з "дыяксінавым скандалам" няма. Экспэрты запэўніваюць, што яйкі ад курэй, якія атрымоўвалі атручаны корм, у невялікай колькасьці не ўяўляюць небясьпекі для здароўя чалавека.