Беларускіх дыпляматаў заўважылі пры выхадзе зь літоўскай прэзыдэнтуры

Уладзімер Дражын, Эдмінас Багдонас, Валер Варанецкі. Фота: delfi.lt

У сераду па абедзе амбасадар Беларусі ў Літве Ўладзімер Дражын і віцэ-міністар замежных справаў Валеры Варанецкі наведалі літоўскую прэзыдэнтуру. Іх суправаджаў літоўскі амбасадар у Менску Эдмінас Багдонас. Супрацоўнікі парталу delfi.lt зафіксавалі выхад з будынка гэтых неабвешчаных у прэзыдэнцкім парадку дня гасьцей.

Прэсавы сакратар прэзыдэнта Лінас Бальсіс запэўніў delfi.lt, што беларускія дыпляматы з Грыбаўскайце не сустракаліся. «У прэзыдэнта яны не былі. Напэўна ў звычайным парадку сустракаліся з нашым дараднікам з замежнай групы Дарусам Сямашкам. Усё, што я магу сказаць. Сам ня бачыў», - сказаў ён.

Дараднік у пытаньнях замежных справаў Дарус Сямашка адмовіўся камэнтаваць зьмест сустрэчы. Ён толькі паўтарыў, што прэзыдэнт з гасьцямі ня бачылася і што сустрэча адбылася зь ініцыятывы беларускіх гасьцей.

Э.Багдонас, пачуўшы пытаньне карэспандэнта delfi.lt, сказаў, што ня можа гаварыць, бо ўдзельнічае ў сустрэчы, аднак не ўдакладніў на якой і паклаў трубку.

Дыпляматы выйшлі з будынка каля 15.45, аднак не праз дзьверы, прызначаныя для афіцыйна прыманых гасьцей, а праз уваход для прадстаўнікоў прэсы і работнікаў прэзыдэнтуры.

Прэзыдэнт Д.Грыбаўскайце да 14.30 удзельнічала ў прэзыдэнтуры ў цырымоніі ўзнагароджаньня школьнікаў.

Прэзыдэнт Д.Грыбаўскайце не пагаджаецца з крытыкай свайго папярэдніка Валдаса Адамкуса яе палітыкі ў дачыненьні да Беларусі. Яна заявіла, што катастрофа – гэта ня выяўленая ёю прыязнасьць да суседняй дзяржавы і Аляксандра Лукашэнкі, а тыя дзесяць гадоў, калі Літва «была павернутая да Беларусі сьпінай».

Пазьней прэсавы сакратар беларускага МЗС Савіных пацьвердзіў, што Варанецкі знаходзіцца зь візытам у Літве, але ня змог патлумачыць мэту візыту.