Андрэй Фёдараў: Санкцыямі прымусіць Лукашэнку зьмяніць унутраную палітыку складана

Аляксандру Лукашэнку і дзясяткам афіцыйных асобаў, адказных за рэпрэсіі пасьля выбараў, будзе забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Пра гэта заявіў кіраўнік МЗС Швэцыі Карл Більт у інтэрвію выданьню EUObserver.

«Мы павінны кіравацца лёгікай нашай жа палітыкі, — сказаў дыплямат. — Мінулым разам, калі больш не было палітычных зьняволеных, мы распачалі пазытыўныя крокі (адмянілі забарону на ўезд у ЭЗ шэрагу беларускіх чыноўнікаў). Зараз жа ёсьць значна больш палітычных зьняволеных, і тыя, хто садзейнічаў гэтаму, павінны ізноў быць у сьпісе тых, каму забаронены ўезд у ЭЗ».

Паводле зьвестак EUObserver, амбасады краінаў ЭЗ у Менску рыхтуюць сьпіс асобаў, якім будзе абмежаваны ўезд у Эўразьвяз. Чакаецца, што ён будзе прадстаўлены для разгляду на пасяджэньні камітэту ЭЗ па палітыцы і бясьпецы 7 студзеня ў Брусэлі.

Наколькі верагоднае такое рашэньне і наколькі эфэктыўная будзе новая забарона на ўезд у Эўразьвяз Аляксандру Лукашэнку і іншым беларускім чыноўнікам, мы папрасілі ацаніць беларускіх палітолягаў.

Андрэй Фёдараў
Спэцыяліст у галіне міжнароднай палітыкі Андрэй Фёдараў лічыць цалкам рэальным вяртаньне да візавых санкцыяў Эўразьвязу адносна Аляксандра Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Мэханізм для прыняцьця рашэньня тут просты: Эўразьвяз можа зьняць мараторый на тыя санкцыі, якія дзейнічалі з 2006 году, а апошнім часам былі замарожаныя, ды пашырыць адпаведны сьпіс:

«Што тычыцца выніковасьці, то наўрад ці беларускія ўлады пасьля такіх санкцыяў кінуцца нешта мяняць і ісьці за заклікамі Эўразьвязу. Зь беларускага боку будзе вельмі жорсткая рыторыка, як гэта было 2,5 года таму. Прымусіць гэтым беларускія ўлады зьмяніць унутраную палітыку наўрад ці можна. Я ведаю, што гэта вельмі непрыемна, я чуў такія зьвесткі, што вельмі баяліся нейкія асобы, каб ня трапіць у гэты чорны сьпіс, але яны значна больш баяцца сваіх кіраўнікоў, каб не рабіць тое, што ім загадваюць. Таму я ня думаю, што гэта дасьць нейкі эфэкт».

На думку спадара Фёдарава, у Эўразьвязу няма рэальных рычагоў уплыву на Беларусь ва ўмовах, калі за сьпінай цяперашняга беларускага кіраўніцтва стаіць Масква.

Сяргей Мусіенка
Праўладны палітоляг Сяргей Мусіенка таксама лічыць, што магчымыя візавыя санкцыі Эўразьвязу эфэкту мець ня будуць:

«Гэта контрапрадуктыўна. Гадамі гэта не прыносіла ніякага эфэкту, акрамя адмоўнага. Я гадамі адстойваю прынцып адкрытасьці. Калі ў вас ёсьць пытаньні — прыходзьце, абмяркоўвайце, давайце канфэрэнцыю рабіць, давайце запрашаць… Чым больш нашыя эліты езьдзяць у гэты вольны сьвет, ад якога іх хочуць ізаляваць, тым болей і лепей яны будуць яго разумець».