Віталь Рымашэўскі і Андрэй Дзьмітрыеў – на волі

Віталь Рымашэўскі пасьля зьбіцьця на Плошчы
Андрэй Дзьмітрыеў пасьля вызваленьня з турмы КДБ, фота: Tima Dranchuk (facebook.com)
Колькасьць зьняволеных сьледчага ізалятара Камітэту дзяржбясьпекі, арыштаваных за падзеі 19-га сьнежня, крыху скарацілася. На волю пад падпіску аб нявыезьдзе адпушчаныя экс-кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі і кіраўнік выбарчага штабу Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў.


На волю адпушчаныя два падазраваныя ў арганізацыі так званых "масавых беспарадкаў" 19 сьнежня — кіраўнік выбарчага штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева Андрэй Дзьмітрыеў і яшчэ адзін прэтэндэнт на вышэйшую дзяржаўную пасаду, сустаршыня партыі "Беларуская хрысьціянскай дэмакратыя" Віталь Рымашэўскі.

Пра "пакаяньне" Дзьмітрыева на першай пасьля выбараў прэс-канфэрэнцыі 20 сьнежня згадваў Аляксандар Лукашэнка, хоць паплечнікі дэмакратычнага актывіста гэта абвяргаюць. Блізкія да Рымашэўскага людзі распаўсюдзілі інфармацыю, што ён напісаў "тлумачальную запіску" на імя кіраўніка краіны. Ужо анансавана, што 4 сьнежня Віталь Рымашэўскі дасьць адмысловую прэс-канфэрэнцыю. Андрэй Дзьмітрыеў у інтэрвію нашаму радыё сказаў, што ня ведае, чаму прынятае рашэньне пра ягонае вызваленьне, але ён застаецца абвінавачаным па крымінальнай справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Яму замененая мера стрыманьня, але выехаць за межы Беларусі ён ня можа.

Уладзімер Някляеў. У такім стане яго забралі ў СІЗА КДБ са шпіталя
А вось лёс астатніх затрыманых пакуль неакрэсьлены. Жонка Ўладзімера Някляева Вольга кажа, што апошнія дні дамагаецца пераводу мужа ў шпіталь. Нагадаем, што пры канцы мінулага году ў яго здарыўся гіпэртанічны крыз, надзвычай высокі ціск трымаецца дагэтуль:

"Мне ўжо сказалі, што выпусьцілі Рымашэўскага і Дзьмітрыева, але адносна Някляева пакуль нічога не вядома… Я зараз увогуле ў лечкамісіі, выпісала даведку дзеля таго, каб яго шпіталізавалі…".

На незразумелы тэрмін застаюцца пад вартай іншыя палітыкі і грамадзкія дзеячы. Уладзімер Тоўсьцік, адвакат журналісткі Ірыны Халіп, кажа, што знаходзіцца, як і ягоныя падабаронныя, "у рэжыме чаканьня":

"Ніякай інфармацыі пасьля Новага году ня маю. Сьледчы пакуль не адтэлефаноўваўся. Пэўнасьці ніякай няма. Таму проста чакаем…".