Уладзімер Някляеў – пісьменьнік году

Літаратурныя вынікі 2010 году – тэма гутаркі за "круглым сталом" у "Доме літаратара". Удзельнічаюць: паэт Генадзь Бураўкін, этнакультуроляг Антаніна Хатэнка, гісторык літаратуры Язэп Янушкевіч.





Міхась Скобла: "Спадарства, 2010 год быў багаты на добрыя кнігі, на літаратурныя падзеі. Але замест кніжных шыхтоў на паліцы мне ў вачах – шыхты амонаўскіх шчытоў на Плошчы Незалежнасьці. Але гэта – знак часовасьці і дачасьнікаў, а знакі вечнасьці – кнігі. Якія сёлетнія выданьні вы можаце адзначыць?"



Антаніна Хатэнка
Антаніна Хатэнка:
“Слова якраз і паўстала абаронай перад тымі амонаўскімі шыхтамі, якіх не пазбыцца, якія стаяць перад вачыма. Слова сказалася ў будучыню і абараніла, напэўна, сёньняшні дзень і мінуласьць. Паглядзім на выдадзеныя сёлета кнігі: двухтомнік Ларысы Геніюш, “Ладзьдзя роспачы” Ўладзімера Караткевіча, “Лісты да запатрабаваньня” Генадзя Бураўкіна, “Халодная памяць вады” Рыгора Барадуліна, “Кон” і “Палянэз” Уладзімера Някляева. Гэта знакавыя выданьні. Гэта азначае, гэта вястуе, што мы і ў навале цемры, якая апанавала краіну, застаемся моцнымі, мудрымі, відушчымі, мужнымі і харобрымі. І пісьменьнікі, тыя, каго ўжо няма, і тыя, хто з намі, кажуць ад імя ўсяе нацыі: “Мы ёсьць!”.

Скобла: “Сёлета беларуская паэзія ізноў гучала на вуліцах і плошчах, падчас пікетаў у падтрымку кандыдатаў на прэзыдэнта. Лічыцца, што аматары паэзіі сярод усіх чытачоў складаюць толькі 1%. Як вы лічыце, ці мае пад сабой глебу, прынамсі ў Беларусі, такая статыстыка?”

Генадзь Бураўкін
Бураўкін:
“Мне здаецца, яна недакладная, бо паэзія – тонкая рэч, і нейкім бухгальтарскім падлікам яна не паддаецца. Урэшце, чытаць прозу значна лягчэй. А вось чытаць паэзію можна толькі тады, калі твая душа адгукаецца на сказанае паэтам. І я хацеў бы падкрэсьліць адну асаблівасьць самага апошняга часу. Мне здаецца, у грамадзтве ізноў зьяўляецца цікавасьць, зьяўляецца патрэба ў сумленным паэтычным слове. Некалі мы ўспаміналі, як абсалютна прамінулае, тое, як на стадыёны прыходзілі слухаць паэтаў, тое, як паэты вялі за сабою цэлыя натоўпы. У мяне такое адчуваньне, што гэтая пара вяртаецца. Людзям хочацца нечага вельмі глыбокага і вельмі для іх патрэбнага і сьвятога. А ўсё патрэбнае і сьвятое дае найперш паэзія. Таму 2010-ы – гэта год вяртаньня ўвагі да паэзіі. Тут ужо Антаніна ўзгадала пра выданьні Ларысы Геніюш, Уладзімера Караткевіча, чые юбілеі прыпалі на гэты год. Мне прыемна, што адзначаліся яны дастаткова паважліва і шырока. І тут я хачу адзначыць адну істотную рысу. Тое, якою падкрэсьленаю была сувязь паміж названымі клясыкамі і паміж тымі, каго сёньня называюць самымі яркімі асобамі: паміж Геніюш і Някляевым, паміж Караткевічам і Барадуліным і г.д. Тое галоўнае, што несьлі ў сабе і Геніюш, і Караткевіч, адгукаецца ў лепшых творах, у лепшых кнігах гэтага году. Для мяне гэта вельмі важна. І, можа быць, менавіта гэтая акалічнасьць вядзе да вяртаньня высокай любові да паэзіі, да яе аўтарытэту”.

Язэп Янушкевіч
Язэп Янушкевіч:
“Я вяртаюся да пытаньня адносна 1%. Магчыма, гэты адсотак падлічаны так, як у нас галасы выбаршчыкаў... Мысьлячы катэгорыямі гістарычнымі, хачу проста сказаць, што ў нас адвеку паэзія была ў пашаноце. Генадзь Мікалаевіч заўважыў, што чытаць прозу лягчэй. Даруйце, мы таксама такія чытачы. Мы можам узяць кніжку прозы і чытаць праз тры старонкі. Вершы чытаць праз тры радкі немагчыма. І ў беларускім народзе, цягам апошніх стагодзьдзяў непісьменнага (што, дарэчы, дапамагло захаваць беларускую мову), у генах проста жыла памяць на рыфмаванае слова. У ХІХ стагодзьдзі ня так памяталіся пякучыя лісткі “Мужыцкай праўды”, як маглі запомніцца два радкі Яські, гаспадара з-пад Вільні: “Бывай здаровы, мужыцкі народзе, жыві ў шчасьці, жыві ў свабодзе”. Аматараў паэзіі ў нас робіцца болей, і гэта таму, што ёсьць выдатная эўрапейская паэзія”.

Скобла: “Уладзімер Някляеў падчас сваіх перадвыбарчых выступаў чытаў вершы. І мне многія гаварылі, што ў гэты молмант ён быў нашмат больш прыцягальны, чым тады, калі гаварыў пра эканоміку ці палітыку. Што адбываецца паміж слухачом і паэтам, калі гучаць вершы ў выкананьні аўтара?”


Хатэнка: “Паэзію немагчыма спыніць. Гэта энэргія, магутная энергія, якая прасочваецца праз глыбы, праз турмы, праз засьценкі. І гэта жывая вада Сусьвету. І калі чалавек, паэт, пераходзіць у гэты стан, ён прыцягвае да сябе, як магніт. Зьяўляецца непарыўная лучнасьць, ствараецца агульнае энэргетычнае поле. Памятаеце, Някляеў у тэлевыступе сказаў толькі адну фразу: “Вы слухалі ўсіх, людзі, вы слухаліся ўсіх, пачуйце хоць раз свайго паэта”. Я думаю, у гэтае імгненьне здрыганулася душа ў кожнага чалавека, бо слова “паэт” – гэта таксама код, шыфр. Ад імя ўсёй зямлі, усяго народу можа сказаць толькі хто? Толькі паэт. Ён бярэ на сябе такую адказнасьць. Яму дае Бог такую адказнасьць”.

Бураўкін: “Недарэмна ёсьць такое вызначэньне: паэзія – душа народа. І калі Някляеў чытаў вершы, ён станавіўся іншым, больш узьнёслым, больш патрэбным і больш дзейсным. Гэта для мяне ня дзіва, бо сапраўды ў Някляева ў гэты час гаварыла душа. Калі ён гаварыў як палітык, у ім гаварыў перш за ўсё розум, у ім гаварыла патрэба на масы. А калі гаворыць паэт, ён таксама ня супраць, каб гаварыць на масы, але перш за ўсё ён гаворыць на чалавека, на суразмоўцу, на блізкага вельмі чалавека, на аднадумца. Таму для мяне ў гэтым спалучэньні Някляева-паэта і Някляева-палітыка многае было нечаканым. Наш народ павінен быў урэшце адчуць і зразумець: палітыка ня можа быць адарванай ад духоўнага жыцьця, таму пісьменьнікі, сёньня – Някляеў, а раней – Васіль Быкаў, яны ірвуцца не ў палітыку, яны ірвуцца да народа і разумеюць, што з народам трэба гаварыць яшчэ і як палітыкі”.

Міхась Скобла
Скобла: “Калі палітык пазыцыянуе сябе паэтам, гэта дапамагае яму ці шкодзіць?”


Хатэнка: “Я думаю, што дапамагае, мне пра казалі многія людзі. Што адбывалася? Цягам апошніх дзесяцігодзьдзяў літаратура, а тым больш паэзія, адсоўваліся некуды ў кар’еры. Прытым, у чалавека засталася цяга да нейкай вышнасьці, якая можа высьпець у яго ў душы. І што адбываецца, калі выходзіць палітык, змушаны гаварыць і пра рэчы матэрыяльныя, рацыянальныя, будзённыя, пра патрэбы чалавечыя? Што адбываецца, калі ён дадае ў сваю прамову паэзію? Палітык-паэт выходзіць на выкананьне нейкай велічнай місіі. Неістотна, што мы кажам: “Народ нас ня чуе, народ нас ня бачыць, народу мы непатрэбныя”. Гэта нашыя ўнутраныя комплексы. Мы ня маем права гаварыць і думаць за народ. Народ пакуль што знаходзіцца ў такім псыхалягічным стане, што ўзяць і выказаць, што ён думае, аніяк сабе не дазваляе”.
Палітыкі гавораць народу такую хлусьню, такі жах, што народ, калі мы яго не прывучым думаць і ўспрымаць нешта разумнае, добрае, праглыне гэтую хлусьню ...

Бураўкін:
“Я тут абсалютна ня згодзен з Антанінай, што мы ня маем права гаварыць ад імя народа. Мы абавязаны гаварыць ад імя народа! Палітыкі гавораць народу такую хлусьню, такі жах, што народ, калі мы яго не прывучым думаць і ўспрымаць нешта разумнае, добрае, праглыне гэтую хлусьню. І ня толькі праглыне, а будзе ісьці за гэтымі хлусьлівымі, нахабнымі, дурнымі палітыкамі. Таму паэты якраз павінны разумець, што яны абавязаны гаварыць ад імя народа! Для таго, каб не было ўяўленьня пра народ як пра нейкую балотную масу”.

Скобла: “Замежныя пісьменьніцкія арганізацыі сёньня выступаюць у падтрымку зьняволенага Ўладзімера Някляева, на чыім творчым рахунку за гэты год – каля дзясятка кніг. Якія зь іх можна лічыць падзеямі ў нашым літаратурным жыцьці?”


Янушкевіч: “У Някляева кожная кніга – падзея. Год 2010 застанецца ў нашай беларускай гісторыі, бясспрэчна, ня толькі падзеямі 19 сьнежня. Гісторыя проста цячэ праз нашыя жылы, сэрцы і нэрвы. Няма і ня будзе такой турмы, каб там зьмясьцілася слава паэта,
Усё пералічанае і дае нам сёньня падставы назваць Уладзімера Някляева пісьменьнікам году ...
такога паэта, якім ёсьць Уладзімер Пракопавіч Някляеў, для каго мінулы год сапраўды быў надзвычай плённым. Што ён яму прынёс? У залатой сэрыі “Беларускі кнігазбор” выйшаў таўшчэзны том – “Выбраныя творы”. Мне горка памятаецца, што правесьці прэзэнтацыю гэтай кнігі ў Палацы мастацтва мы ня здолелі. Мы ня маем уваходу ня толькі ў Палац рэспублікі, але нават ужо і ў Палац мастацтва. Сёлета таксама выйшла кніга Някляева “Кон” з падзагалоўкам “Вершы двух стагодзьдзяў”. Як ён спавядаўся мне па-сяброўску, найбольш уразіла яго тое, што толькі, можа, у сёмай па ліку школе нейкі вучань здолеў адказаць, што значыць слова “кон”. І паэт проста адчувае, як мова наша зьнішчаецца. Наступная сёлетняя кніга Някляева – “Паэмы”, куды ўвайшло дзевятнаццаць эпічных твораў. А дваццатая паэма, вельмі моцная, увайшла ў кнігу “Окно”, якая выйшла ў Маскве ў перакладзе на расейскую мову. Пятай кніжкай стала кніга “Палянэз” – на трох мовах: па-беларуску, па-польску і па-літоўску. Літоўскі пераклад славутай паэмы зраьіў Ёнас Ліняўскас – старшыня Саюзу пісьменьнікаў Літвы. Польскі пераклад – Чэслаў Сэнюх. І тое, што выступіў Еўтушэнка ў абарону Някляева – гэта таксама дапамога польскіх сяброў. Менавіта Адам Паморскі знайшоў патрэбныя тэлефоны, адрасы і дастукаўся да Еўтушэнкі, які праўдзіва назваў Някляева братам у паэзіі. Усё пералічанае і дае нам сёньня падставы назваць Уладзімера Някляева пісьменьнікам году”.

Скобла: “У сваёй прадмове да названай някляеўскай кнігі “Окно” той жа Яўтушэнка папракае Някляева за “незгаворлівасьць зь беларускай уладай”. І як бы са шкадаваньнем гэта напісана. Як вы ацэньваеце словы расейскага паэта, спадар Генадзь?”

Бураўкін: “Я добра ведаю Яўгена, але тут я яго не зусім разумею. Што і казаць, ёсьць паэты, якія ўвесь час хочуць дамовіцца з уладай, зьліцца з уладай. Валодзя Някляеў ніколі ня быў такім. Тое, што ў свой час ён быў аблашчаны каралямі таго часу, гэта зусім ня значыць, што ён да іх падлабуньваўся, што ён хацеў служыць іх інтарэсам. Ён жыў у сваім часе, ён быў сынам свайго часу. Ён і цяпер сын свайго часу. І таму, што ён сын свайго часу, ён прыйшоў у палітыку, прыйшоў на Плошчу…”

Скобла: “На Плошчу ён усё ж не дайшоў”.

Бураўкін:
“Ішоў, даруйце. Я думаю, што Еўтушэнка, гаворачы пра выдатную паэзію Ўладзімера Някляева, мае на ўвазе тое, што Някляеў быў якраз у той кагорце самых выдатных майстроў слова ўсіх часоў і народаў, якія ніколі не служылі, не падладжваліся пад уладу. Вось жа, кажуць крытыкі, што літаратура, тым больш паэзія, заўсёды знаходзіцца ў апазыцыі да ўлады. І гэта не таму, што паэты – людзі з дрэнным характарам, а таму, што паэзія заўсёды была за справядлівасьць, за сумленнасьць, і больш чым іншыя жанры, яна да гэтага імкнулася і да гэтага клікала. Такім быў і ёсьць, і дай Божа, каб многія-многія гады быў Уладзімер Някляеў”.

Скобла: “На 2010 год прыпаў 100-гадовы юбілей Ларысы Геніюш. Яго суправаджалі татальныя забароны. І ў Ваўкавыску, дзе не далі павесіць мэмарыяльную шыльду, і ў Зэльве, дзе 300 чалавек не пусьцілі ў Дом культуры, і ў Менску, дзе на зварот мітрапаліта Філярэта аб рэабілітацыі паэткі з боку вярхоўнай улады была катэгарычная адмова. Чаму ўлада працягвае рэпрэсаваць Геніюш – і пасьмяротна?”

Чаму да гэтай пары ўлады баяцца імя Ларысы Геніюш? Таму, што чалавек прайшоў праз усе пакуты і выпрабаваньні і застаўся самім сабой, са сваёй зямлёй ...

Хатэнка: “Як жыць – дык жыць для Беларусі, а безь яе – зусім ня жыць!” Здаецца, Геніюш гэтымі двума радкамі сама адказала на гэтае пытаньне. Чаму да гэтай пары ўлады баяцца імя Ларысы Геніюш? Таму, што чалавек прайшоў праз усе пакуты і выпрабаваньні і застаўся самім сабой, са сваёй зямлёй. Гэта подзьвіг у нашых умовах. І пры той уладзе, якая яе судзіла, і пры той, якую маем сёньня. Гэта ўнутраны, глыбінны, духоўны подзьвіг. І тое, што якраз Уладзімер Някляеў спрычыніўся да выданьня юбілейнага двухтомніка Ларысы Геніюш і альманаху “Асоба і час”, прысьвечанага паэтцы, сёньня бачыцца намі як масток паміж гэтымі двума паэтамі, якія ўзялі на сябе адказнасьць гаварыць праўду. І вось мела лёс Ларыса Геніюш, мае сёньня лёс Уладзімер Някляеў. Што мы можам цяпер зрабіць яму ў падмогу? Няхай гучыць ягоная паэзія! Гэта адзінае, што прасочыцца, праб’ецца жывою крывёю да яго там, дзе ён ёсьць і дзе яму пакутна і адзінока. Давайце чытаць, перадаваць адно другому вершы Ўладзімера Някляева. Ёсьць што сказаць ад ягонага імя, калі ён ня можа цяпер гаварыць да народа, а значыць, мы будзем гаварыць за яго. Давайце абвесьцім такую акцыю падтрымкі Някляева ягонымі вершамі, ягонымі думкамі, ягоным гарачым пачуцьцём, ягонай любоўю да зямлі, да Геніюш, да літаратуры, да таго, што ёсьць духовай абалонкай нашага жыцьця тут, дзе мы апынуліся ў такі суровы і несправядлівы час. “Калі пісаць, дык толькі так пісаць, / як бліскавіцу доўжыць бліскавіцай, / як зь вены ў вену кроў пераліваць, / пісаць, як спавядацца і маліцца”. Гэта Някляеў. Някляеў, які даслаў гэтыя радкі ўжо ў нябёсы – Ларысе Геніюш”.

Скобла: “У нашай гутарцы, якая мела быць выніковай, увесь час гучыць імя Ўладзімера Някляева. Думаю, што гэта апраўдана, яму, як і ягоным паплечнікам, патрэбная наша салідарнасьць. Гэтымі днямі экспэрты “Дому літаратара” вызначаюць 10 найлепшых беларускіх кніг 2010 году. Паводле папярэдніх падлікаў, у першую пяцёрку ўвайшлі наступныя выданьні: двухтомавік Ларысы Геніюш, “Халодная памяць вады” Рыгора Барадуліна, “кнігазбораўскі” том Казімера Сваяка, “Ладзьдзя роспачы” Ўладзімера Караткевіча, “Кон” Уладзімера Някляева. Зь пяці кніг чатыры – паэтычныя. Пра што гэта сьведчыць?”

Янушкевіч: “Гэта сьведчыць, што ў паэзіі адразу распазнаецца праўда і няшчырасьць. І ў паэзіі, якая ўжо правераная часам, гэтая праўда не паточаная ні іржой, ні мольлю. Праўдзівымі паэтамі на нашай зямлі будуць захапляцца і надалей. У тым ліку і Ўладзімерам Някляевам, які ўжо сёньня бясспрэчна паказвае, што ён – раўня названым клясыкам”.

Хатэнка: “У прасторы і часе, дзе мы апынуліся, паэзія сталася абарончай абалонкай, плашчаніцай. Яшчэ не было Плошчы, яшчэ не было таго, што мы сёньня так балюча перажываем, але паэзія цягам гэтага году рыхтавала нам паратунак”.

Скобла: “Вобразна кажучы: шыхты амонаўскіх шчытоў і шыхты кніг. Што пераможа?”
Вось чаму названых і неназваных беларускіх творцаў так ненавідзіць чынавенства, якое антыбеларускае, якое антыдухоўнае і, урэшце атрымліваецца, – антычалавечнае ...

Бураўкін: “Перамагае ў гісторыі ня зброя, перамагае ўрэшце воля і дух народа. Іншая справа – наколькі гэтая воля ёсьць і наколькі гэты дух вядзе за сабой людзей. Мне вельмі шкада, што ў гэтым змаганьні калечаць людзей, праліваюць кроў. Мне гэта вельмі страшна. Мы гаворым пра лепшыя паэтычныя кнігі году і трошкі быццам бы зьдзіўляемся. Аўтараў гэтых кніг яднае беларускасьць, беларускасьць, якая выклікала і выклікае ў чынавенства нянавісьць да гэтых творцаў. Беларускасьць глыбінная, якая – у кожнай кроплі крыві, у кожным гуку слова. І Ларысу Геніюш за гэта перасьледавалі, і Ўладзімера Някляева сёньня за гэта перасьледуюць. Ня толькі за тое, што ён палітычна з кімсьці разыходзіцца, не сыходзіцца ў эканамічных ацэнках, а за тое, што ён – беларускі творца і палітык. Вось чаму названых і неназваных беларускіх творцаў так ненавідзіць чынавенства, якое антыбеларускае, якое антыдухоўнае і, урэшце атрымліваецца, – антычалавечнае”.

Янушкевіч: “Вялікі польскі паэт Каміль Цыпрыян Норвід яшчэ ў ХІХ стагодзьдзі сказаў: “Ня меч, ня шчыт бароняць мову, а – дасканалы твор”. Мы жывем на роднай зямлі з разбуранымі замкамі, як у аблозе, аточаныя незычліўцамі. Гэтыя дні і ночы я жыў у кватэры Някляева. І мне трапіўся адзін рукапісны лісток: “Меў бы сьвечку, запаліў бы на куцьцю сьвятую, / каб давалі выбіраці, браў бы залатую, / каб жа Касю або Кацю, дык абедзьвюх браў бы, / каб жа жыці ці ўміраці – дык не паміраў бы”. Ведайма, паэт наш ужо ў несьмяротнасьці, таму нас нават не павінна турбаваць, які там будзе прысуд – 15, 10 ці 5 гадоў. Любы турэмны тэрмін – нішто перад несьмяротнасьцю”.

Хатэнка: “У гэтым годзе выйшла яшчэ адна знакавая кніга – “Gloria victis!” Арсена Ліса. Слава пераможаным, бо яны праўдзівыя!”.