Мінюст незадаволены адвакатамі арыштаваных 19 сьнежня

Міністэрства юстыцыі Беларусі заяўляе, што асобныя адвакаты, якія абараняюць арыштаваных 19-20 сьнежня, дапускаюць грубыя парушэньні правілаў дзейнага заканадаўства і прафэсійнай этыкі адваката.

Паводле Мінюсту, некаторыя адвакаты, злоўжываючы сваім правам на абарону іншых асоб, у скажоным сьвятле падаюць інфармацыю аб ходзе сьледзтва, магчымасьці рэалізацыі правоў сваіх падабаронных на юрыдычную дапамогу, стане іх здароўя і ўмовах утрыманьня, тэндэнцыйна падаюць інфармацыю аб працы праваахоўных органаў краіны.

У сувязі з гэтым Міністэрства юстыцыі ўнесла прадстаўленьне кіраўніцтву Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў і запатрабавала неадкладна паўплываць на тое, каб адвакаты датрымліваліся заканадаўства.

Па выяўленых фактах Міністэрствам юстыцыі праводзіцца праверка, патрабуюцца тлумачэньні. Па выніках праверкі будуць зробленыя адпаведныя захады.

Мінюст адзначае, што асобы, якіх абараняюць гэтыя адвакаты, 19-20 сьнежня 2010 году ўдзельнічалі ў зьдзяйсьненьні дзеяньняў, накіраваных на арганізацыю масавых беспарадкаў, якія суправаджаліся спробай захопу дзяржаўных устаноў, зьнішчэньнем маёмасьці, узброеным супрацівам прадстаўнікам улады.