Вянок памяці: Тацяна Сапач

Тацяна Сапач
У ноч на 28 сьнежня ў аўтакатастрофе загінула Тацяна Сапач -- беларуская паэтка, журналістка, аўтарка Свабоды. Трагедыя здарылася ў Літве пад Алітусам. Тацяна са сваім мужам Сяргеем Дубаўцом вярталіся ў Вільню з Польшчы ад дачкі Адэлі, якая тыдзень таму нарадзіла ім унучку. Тацяне было 48 гадоў.


У Вільні разьвітаньне з Тацянай Дубавец (Сапач) пачнецца а 14 гадзіне ў Віленскім Доме пахаваньняў (вул. Аланду, 22, 5 заля) 29 сьнежня.

Паніхіду адслужыць а. Васіль Навінскі, настаяцель Віленскай царквы Сьв. Мікалая. Раней у гэтай віленскай царкве адбываліся багаслужбы па-беларуску, адной з асноўных ініцыятараў і арганізатараў якіх была Тацяна Сапач.

Разьвітвацца ў Вільні з Тацянай Сапач можна будзе да раніцы 30 сьнежня.

У Менску развітаньне з Таццянай Сапач адбудзецца 30 сьнежня ў царкве Сьвята-Елізавецінскага манастыра на Паўночных могілках.

Адпяваньне пачнецца а 13:00.

***

Яна нарадзілася 26 жніўня 1962 году ў вёсцы Маркава на Маладэчаншчыне. Скончыла факультэт журналістыкі БДУ. Па згадках аднакурсьнікаў, была сярод студэнтак адной з самых яркіх асобаў, актыўнай удзельніцай першых нефармальных моладзевых суполак. Прыгадвае Сяргей Навумчык.

Сяргей Навумчык
"Наш курс быў, напэўна, адным з самых моцных курсаў журфаку — назаву Ігара Гермянчука, Сяргея Дубаўца, Барыса Сачанку (Пятровіча), Радзіслава Лапушына. Я ўспрымаў Тацяну як самую таленавітую дзяўчыну на курсе, але таленавітымі здаваліся ўсе, а вось Таня выдзялялася з усіх нейкай надзвычайнай дабрынёй і пры гэтым — сумленнасьцю і прынцыповасьцю (яна была адзінай, у якой, напрыклад, не паварочваўся язык папрасіць нешта сьпісаць на іспыце). І за трыццаць гадоў ня здарылася нічога, што магло б зьмяніць гэтае ўражаньне і гэтае вельмі цёплае да яе стаўленьне. І мы, раскіданыя па сьвеце аднакурсьнікі, у гэтыя дні разам зь Сяргеем, з Адэляй і з роднымі Тацяны".

Пасьля заканчэньня вучобы Тацяна Сапач працавала ў Берасьці, Гомелі, Менску. Распавядае старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Жана Літвіна.

Жана Літвіна
"Наша зь ёй знаёмства адбылося больш за дваццаць гадоў таму. Тады маладая таленавітая журналістка прыйшла на радыёстанцыю "Беларуская маладзёжная". Яна прынесла ідэю сваёй аўтарскай праграмы, якая звалася "Альбаросіка". Гэтае знаёмства і супраца з Тацянай якраз супалі зь вельмі гістарычнымі падзеямі ў нашым грамадзтве. І вось Тацяніна ўменьне адчуць нэрв, адчуць вось тую хвалю пераменаў, якая ішла, і прапанаваць у сваёй праграме інтэлектуальны падыход да асэнсаваньня ўсяго таго, што адбываецца, — гэта было неверагодна важна для слухача, неверагодна важна для тых людзей, якія былі побач з Тацянай".

На пачатку 90-х Тацяна з мужам Сяргеем Дубаўцом пераехалі ў Вільню і адразу апынуліся ў гушчыні крывавых падзеяў абароны літоўцамі сваёй нацыянальнай незалежнасьці. Распавядае мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі.

Сяргей Харэўскі
"Так выйшла, што першае маё драматычнае спатканьне з Таняй і баявое хрышчэньне атрымалася на гарышчы Палаца спорту ў Вільні, калі невядома было, чым скончыцца змаганьне Літвы за сваю незалежнасьць, і адтуль вяшчала недзяржаўнае нелегальнае радыё. Таня прымала ў ім чынны ўдзел, заклікаючы беларусаў Літвы падтрымаць незалежнасьць, Літву ў яе шляху да свабоды. А потым, як усё стала на свае рэйкі, літоўскае тэлебачаньне запрасіла Таню рабіць перадачу для беларусаў Літвы. Гэтай перадачы "Віленскі сшытак" нядаўна споўнілася дваццаць гадоў".

"Віленскі сшытак" згуртаваў вакол сябе шырокае кола беларускіх творцаў і грамадзкіх дзеячаў, што жывуць у Літве. Адзін зь іх — былы лідэр першых беларускіх нефармальных моладзевых суполак Сяржук Вітушка.

Сяржук Вітушка
"Яна ўжо так выштукоўвала кожную перадачу, так сумленна ўсё пераглядала, кожную сэкунду, не дазваляла сабе абы-як зьляпіць. Так прыемна было працаваць зь ёю. Гэта проста сьвята было кожны дзень. У канцы лета мы сьвяткавалі дваццаць гадоў гэтай беларускай тэлеперадачы. Там Таня была каралевай. Яна запрасіла на гэтую перадачу многа людзей, і многа людзей працавала зь ёю. Ёй цікава было сабраць розных людзей. Яна была паэткай у сваіх перадачах. Якія яна прыгожыя рабіла перадачы! Гэта трэба ўсё захаваць і выдаць кнігу ейнай тэлевізійнай паэзіі".

Тацяна Сапач — аўтарка двух паэтычных зборнікаў. Яе першая кніга "Восень", што выйшла ў 1992 годзе, сталася падзеяй беларускай паэзіі. Гаворыць мастачка Тацяна Маркавец.

Тацяна Маркавец
"Калісьці па радыёкропцы вечарамі можна было чуць "Альбаросіку". Менавіта тады я ўпершыню пачула Тацяну, праніклася ейнымі думкамі, ейнымі манерамі, ейнымі ідэямі. У хуткім часе мы зь ёй пасябравалі. А потым зьявіўся цудоўны зборнічак вершаў, які называўся "Восень". Тыя вершы вельмі падыйшлі мне да сэрца эмацыянальна і сваёй вобразнасьцю. І хоць я не паэтка, мне захацелася прысьвяціць Тацяне верш. Зараз я прачытаю гэты верш праз дваццаць гадоў пасьля напісаньня.

Зь зімовага крохкага неба
У вечную скарбніцу часу
Кладзецца Тацянін дзень
Пялёсткамі белага сьнегу
На дарогу і дрэвы
І твой фіялетавы цень".


На відэа: Тацяна Сапач чытае свае вершы на прэзэнтацыі кнігі айца Аляксандра Надсана "Сонца тваё не закоціцца, і месяц твой не схаваецца" у Вільні 22.10.2010.