Адвакат Тамара Сідарэнка: "У Някляева няма ні агрэсіі, ні засмучэньня"

Тамара Сідарэнка

Адвакат Уладзімера Някляева Тамара Сідарэнка толькі праз тыдзень пасьля затрыманьня яе падабароннага змагла яго ўбачыць на допыце ў СІЗА КДБ. На мінулым тыдні тры дні запар яна была першай у чарзе ў пакоі для спатканьняў, але да Някляева яе не дапускалі, спасылаючыся на тое, што пакой нібыта заняты.

Убачыўшы ўчора позна ўвечары Някляева, спадарыня Сідарэнка паведаміла, што стан ягонага здароўя здавальняючы, ніякага інсульту ці інфаркту ў яго не было. Хоць наступствы ўдару ў галаву пры атацы спэцназу 19 сьнежня даюць сябе знаць: на твары ў Някляева захоўваецца вялізны сіняк, ён скардзіцца на галаўныя болі і высокі ціск.

Карэспандэнт: "Ці атрымлівае Някляеў адэкватную мэдыцынскую дапамогу і лекі?"

Сідарэнка: "Ён кажа, што можа зьвяртацца да лекара, але, наколькі я разумею, ён ня надта зьвяртаўся. Ён мае праблемы зь ціскам, і калі яму перадалі патрэбныя таблеткі, ён пачаў іх ужываць, літаральна два дні таму. Магчыма, яму не зашкодзіла б нейкая дадатковая дапамога, таму што ў яго баліць галава, але ён асабліва не зьвяртаецца да лекара".

Карэспандэнт: "А які ягоны псыхалягічны стан?"

Сідарэнка: "Вядома, чалавеку там нясоладка, але ў цэлым ягоны псыхалягічны стан адэкватны, ён нармальна ўспрымае сытуацыю. Ні агрэсіі, ні засмучэньня. Такі стан, які і мае быць у такой сытуацыі".

Карэспандэнт: "Ці можна сказаць, што на яго ціснулі нейкім чынам?"

Сідарэнка: "Прынамсі, ён гэта адмаўляе. Ня кажа, што быў нейкі фізычны ці псыхалягічны ціск".

Карэспандэнт: "Ці можна разглядаць спробу ягонай ізаляцыі ад адвакатаў як элемэнт такога ціску?"


Сідарэнка: "Ён і ня ведаў, што мы да яго ірвемся… Канечне, я магу гэта расцэньваць, у тым ліку, як спробу яго ізаляваць для таго, каб падштурхнуць да нейкіх дзеяньняў ці тлумачэньняў… Гэта маё меркаваньне. Але я перакананая, што нас не пускалі да яго беспадстаўна. Калі тры дні першым сядзіш у чарзе і не дамагаесься, то гэта павінна пра нешта казаць. Таму я тут бачу нейкія гульні вакол Някляева".

Карэспандэнт: "Ці прызнаў сябе спадар Някляеў у часе допыту ў чымсьці вінаватым?"


Сідарэнка:
"Падазрэньні выстаўленыя такія, што ніхто з кандыдатаў ці сябраў іх штабоў ня можа прызнавацца. Някляеў нават не дайшоў да плошчы, дык да чаго ён там мог заклікаць альбо якія беспарадкі чыніць? У цяперашняй сытуацыі ніхто ня можа гэтага прызнаць".

Карэспандэнт: "Ці ёсьць у вас спадзеў, што да 30 сьнежня Някляеву так і ня будзе выстаўленае абвінавачваньне, паколькі ён нават ня быў на плошчы?"

Сідарэнка: "Надзея памірае апошняй, як кажуць. Шанцы ёсьць. Я як юрыст магу сказаць, што ў такім выглядзе абвінавачваньне Някляеву прад'яўляць цяжка. Пачакаем. Я спэцыяльна ўдакладніла ў сьледзтва, ці не зьяўляецца тайнай характар абвінавачваньня, якое могуць прад'явіць — адказалі, што ня тайна".

Карэспандэнт: "Многія задаюць пытаньне, чаму не арыштавалі нікога з тых, хто рэальна біў шыбы ў Доме ўраду. Ці ўдалося вам атрымаць хоць нейкую інфармацыю наконт гэтага?"

Сідарэнка:
"Мы не валодаем такой інфармацыяй, бо нам ніхто не дакладвае. Я ня чула і ня маю дадзеных, каб кагосьці з гэтых людзей затрымалі. Мы ж доўгі час ведаць матэрыялаў справы ня будзем, амаль да канца сьледзтва. Вядома, па ходу мы можам нешта заявіць, папрасіць нешта ўстанавіць, зрабіць вочную стаўку. Але справа аб'ёмная, як мінімум 2 месяцы адведзена на сьледзтва, шмат людзей затрымана".