Асуджаныя студэнты — пад пагрозай адлічэньня

Турма на Акрэсьціна

Сярод шасьці соцень асуджаных за ўдзел у масавай акцыі — вельмі шмат студэнтаў, якім пагражае адлічэньне з ВНУ. Як паказвае досьвед 2006 году, тых студэнтаў, якія за ўдзел у Плошчы атрымалі па 10-15 сутак арышту, амаль усіх адлічылі з ВНУ. Менавіта пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году і сакавіцкіх падзеяў з намётавым мястэчкам і пачала дзейнічаць праграма Каліноўскага. Што пагражае студэнтам цяпер, ці дапаможа ім Камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць»?
Пра тое, што сярод затрыманых — вялікі працэнт студэнтаў, стала вядома пасьля судоў. Асабліва яскрава пра гэта сьведчаць паведамленьні ў сацыяльных сетках. Што да дакладнай колькасьці затрыманых і лічбаў пасаджаных на суткі, актывіст грамадзкага аб’яднаньня «Студэнцкая рада» Зьміцер распавёў:

«Дакладнай інфармацыі, колькі чалавек затрымана, у якіх ВНУ яны вучацца, пакуль няма. Мы яе зараз спрабуем сабраць. Учора мы распаўсюдзілі зварот у інтэрнэце і сярод СМІ, што мы зьбіраем інфармацыю, хто з затрыманых зьяўляецца студэнтам, каб дапамагчы».

Старшыня грамадзкага Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Іна Кулей кажа, што адлічаных пакуль няма:

«Пад пагрозай. І ў Баранавічах 5 чалавек, і ў БДУ, і ў эканамічным. Але адлічэньня пакуль што дакладна не было, таму што людзі адсутнічаюць, яны сядзяць у турмах. І пакуль гэта, так бы мовіць, «падвешаны стан». І пакуль наш юрыст складае такія адмысловыя паперы, каб папярэдзіць дэканаў, як мы іх называем, «лісты рэакцыі ціску».

Сябра «Студэнцкай рады» Зьміцер распавёў, што актывісты зьбіраюцца наведаць дэканаў факультэтаў БДУ:

«Паводле папярэдняй інфармацыі вядома, што на 27 студэнтаў БДУ рыхтуюць дакумэнты на адлічэньне. Сярод іх і чатыры студэнткі філялягічнага факультэту. Прычынай адлічэньня называюць парушэньне вучэбнай дысцыпліны».

Сябра прафсаюзнай групы «Студэнцкай рады» Міхаіл выказаў такое меркаваньне:

Безумоўна, будзе замова, што затрыманых студэнтаў трэба адлічыць.
«Безумоўна, будзе замова, што затрыманых студэнтаў трэба адлічыць. У некаторых ВНУ ёсьць пункт у правілах унутранага распарадку, што студэнт не павінен удзельнічаць у масавых мерапрыемствах. Таму могуць адлічаць і з прычыны ўдзелу. А калі такіх умоваў у правілах унутранага распарадку няма, будуць адлічаць за пропускі, за тое, што людзі не прыходзілі на пары. Як гэта будзе надалей? Мне падаецца, што ўсё ж такі будуць адлічаць. Калі гэта будзе за пропускі, то яны маюць фармальную прычыну адлічаць».

Дарэчы, адбываньне пакараньня па адміністратыўнай справе не зьяўляецца паважнай прычынай пропуску працы ці вучобы. Таму ня выключаны і самы жорсткі варыянт — адлічэньне студэнтаў, якія адседзелі, за пропускі заняткаў.

З такой самай прычыны адлічалі студэнтаў і пасьля сакавіцкіх падзеяў 2006 году. Старшыня грамадзкага Камітэту абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць» Іна Кулей распавяла:

«Тады было амаль 600 чалавек. Па першай праграме Каліноўскага паехалі больш за 300. І плюс яшчэ ў Нямеччыну, хто добра ведаў нямецкую мову, у Галяндыю, у Эстонію. Праграма Каліноўскага існавала ўвесь час. І па дамовах накіроўваем вучыцца. Вось Арцёма Дубскага зусім нядаўна ва Ўкраіну накіравалі — гэта ўжо пры дапамозе ўкраінскай амбасады. Таму практыка ёсьць. І нават тут калі адлічаць з бюджэтнага аддзяленьня і перавядуць на платнае, то дапамагчы мы зможам. Трымаем, так бы мовіць, руку на пульсе».

Большасьць студэнтаў супраць такога жорсткага абыходжаньня з удзельнікамі акцыі:

«Я абураны тым, што студэнтам пагражаюць выключэньнем з унівэрсытэтаў. Таму што, па-першае, яны ні ў чым невінаватыя, яны прыйшлі на мірную дэманстрацыю. А тое, што там было далей, ад іх не залежала, мне здаецца, што там наагул былі правакацыі. Я лічу, што гэта захад для таго, каб запалохаць усіх астатніх. Ну і наагул, вучоба павінна стаяць асобна ад таго, што студэнты робяць у свой вольны час»

У самім студэнцкім асяродзьдзі кажуць, што, паводле заяваў дэканаў і выкладчыкаў, зь бюджэтных аддзяленьняў, хутчэй за ўсё, студэнтаў адлічаць, а платнікам могуць і дараваць удзел у акцыі.