“Мой сын наіўна хацеў ачалавечыць спэцназаўцаў”

Вялікую вядомасьць атрымаў чалавек у міліцэйскай форме, які ўвечары 19-сьнежня спрабаваў стрымліваць спэцназаўцаў, угаворваў іх ня біць безабаронных людзей. Як стала вядома, гэта Аляксандар Класкоўскі, былы міліцыянт. Неўзабаве пасьля падзеяў на плошчы ён быў затрыманы і пры гэтым жорстка зьбіты.

Пра лёс Аляксандра Класкоўскага гаворыць ягоны бацька, вядомы журналіст Аляксандар Класкоўскі.


Класкоўскі:
Я толькі што размаўляў з начальнікам управы папярэдняга расьсьледаваньня гарадзкой міліцыі Генадзем Казакевічам. Ён сказаў: "Я сам яго бачыў, бачных пашкоджаньняў няма". Я сказаў, што ў мяне ёсьць зьвесткі, што сына зьбівалі пры затрыманьні. Сэнс адказу быў такі – вы, як любы грамадзянін, можаце падаваць скаргі.

Мне сказалі, што зь ім зараз праводзяцца сьледчыя дзеяньні. Я датэлефанаваўся да сьледчага, які вядзе яго справу, яго завуць Зьміцер Купка. Ён сказаў, што паколькі ён праводзіць сьледчыя дзеяньні , то размаўляць са мной ня можа. Я сказаў, што я ня толькі бацька, але і журналіст, і мяне дзівіць, што журналісты БелТА распаўсюджваюць бруд пра майго сына.

Адкуль яны атрымалі інфармацыю. што ён падчас допыту каяўся, казаў, што ён быў п’яны, прасіў прабачэньня? Хто даў гэтую інфармацыю? Спадары Казакевіч і Купка на гэтае пытаньне не адказалі. Мне інфармацыю не даюць, дзяржаўнае агенцтва мае права паліваць майго сына брудам. Бог няроўна дзеле. Як у Оруэла – ўсе роўныя, але некаторыя раўнейшыя.

Дракахруст: А ў чым яго абвінавачваюць?

Класкоўскі: Наколькі я ведаю, ў актыўным удзеле ў масавых беспарадках. Гэта па ўскосных зьвестках. Сёньня ўначы яго павінны перавезьці на Акрэсьціна, як мне сказалі. Пакуль яго дапытваюць. Між тым брудную дэзынфармацыю распаўсюджвае пра яго і ўпраўленьне гарадзкой міліцыі.

Дракахруст: Ці атрымаў ён мэдычную дапамогу?

Класкоўскі: Казакевіч сказаў мне – бачных пашкоджаньняў няма. Але ён быў зьбіты і на самой акцыі, тысячы людзей бачылі гэта на відэа, ў яго скрываўленая галава, кроў на твары. Яго дручком ударылі падчас акцыі. І ўсе бачылі на відэа, што ён імкнуўся спыніць гэты ланцуг спэцназаўцам, прычым толькі словамі, ён казаў "Біце мяне, я вас чапаць ня буду, але спыніцеся, хлопцы". Вось у чым уся ягоная віна.

Дракахруст: А якія былі абставіны яго сыходу з міліцыі?

Я думаю, што ён апрануў форму пад куртку, бо, відаць, ня выключаў, што можа пачацца "мачылава", і наіўна спадзяваўся, што ён у форме выйдзе насустрач і гэта неяк ачалавечыць гэты ланцуг
Класкоўскі:
Я гэтага ня ведаю. Гэта адбылося некалькі гадоў таму. Пасьля ён пайшоў працаваць "дальнабойшчыкам". Ён мне не распавядаў пра падрабязнасьці. Афіцыйныя крыніцы кажуць, што адмоўна характэрызаваўся. Мы ўсе не анёлы, я не выключаю. што маглі ў яго быць нейкія парушэньні па службе. Але я ведаю, ён адчуваў ціск, казаў, што яго не разумеюць, бо ён прыносіў на працу "Народную волю", "Нашу ніву", спрабаваў размаўляць па-беларуску, выказваў погляды, якія ўласьцівыя, з гледзішча ўладаў, толькі "адмарозкам". Ён вельмі няўтульна там пачуваўся. Гэта было не ягонае. Ён туды пайшоў адразу пасьля войска, каб зарабляць грошы, ў яго трое дзяцей.

Дракахруст: А чаму ён, звольніўшыся з міліцыі, апрануў на плошчу форму?

Класкоўскі: Ён са мной ня раіўся. Я быў на акцыі як журналіст, мы знаходзіліся недзе побач, але я яго ня бачыў. Каб ён мне сказаў перад акцыяй, я яму параіў бы добра падумаць, ці ісьці. Усё ж такі трое дзяцей, яму трэба думаць пра сям'ю і карміць дзяцей. Я разумею яго як грамадзяніна, але я бацька і дзед, у мяне сэрца за ўнікаў баліць.

Я думаю, што ён апрануў форму пад куртку, бо, відаць, ня выключаў, што можа пачацца "мачылава", і наіўна спадзяваўся, што ён у форме выйдзе насустрач і гэта неяк ачалавечыць гэты ланцуг. Яго абвінавачваюць у тым, што ён нібыта плюнуў у твар спэцназаўцу. Хаця відэа паказвае, што гэтага не было, тут ня схлусіш. Я думаю, што тыя, хто аддаваў загад на такі дзікі разгон, яны самі сябе аплявалі найперш.


Тым часам на сайце менскай міліцыі зьявіўся відэаролік, дзе былы міліцыянт Аляксандар Класкоўскі раскайваецца ў сваіх дзеяньнях.

Падрабязнасьці і камэнтары пазьней на сайце "Свабоды".