А.Бяляцкі: агучаныя ЦВК лічбы не вытрымліваюць ніякай крытыкі

Госьць “Начной Свабоды”, праваабаронца, назіральнік на выбарах зь вялікім міжнародным вопытам Алесь Бяляцкі. Ён камэнтуе ход правядзеньня і агучаныя вынікі прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня.

Знаткевіч: Тыя вынікі выбараў, якія былі агучаныя, і тыя вынікі, што былі атрыманыя на ўчастках, што больш-менш кантраляваліся назіральнікамі, – наколькі паміж імі моцныя адрозьненьні і пра што яны сьведчаць?

Бяляцкі:
Гэта дастаткова моцныя адрозьненьні. У нас ёсьць некалькі ўчасткаў, дзе члены камісіі не перавышалі свае паўнамоцтвы, і назіральнікі там прысутнічалі практычна ўвесь час папярэдняга галасаваньня і ў апошні дзень, (у Менску ёсьць некалькі такіх участкаў), і там Лукашэнка не набірае болей за 40 працэнтаў. Ягоныя апанэнты маюць па 20, па 15 працэнтаў, і гэта сьведчыць, што ў Менску Лукашэнка далёка не набраў той паловы, якая б яму гарантавала прэзыдэнцкую пасаду. Прычым, гэта ня лепшыя ў сэнсе электарату для дэмакратычных кандыдатаў участкі. Адносна сытуацыі ва ўсёй краіне, дык яна больш незразумелая, але ўсё ж тыя лічбы, што агучаныя ЦВК, не падлягаюць ніякай крытыцы..."