Затрыманы Віталь Гуляк: "Нас вязуць у Заводзкі суд…"

Віталь Гуляк, архіўнае фота

З Акрэсьціна да "Свабоды" датэлефанаваўся ўдзельнік начных падзей у Менску Віталь Гуляк. Ён родам з Ваўкавыску, зараз вучыцца ў Польшчы, інвалід — у яго хворыя ногі. Вось што ён нам пасьпеў распавесьці.

Гуляк: "Сядзім на Акрэсьціна, калідоры забітыя, усіх афармляюць, заводзяць па чарзе ў кабінэты. У сьледчых на стале інструкцыя, як запаўняць пратакол, і таму ў нас пытаюцца толькі прозьвішча, дату нараджэньня і адрас".

Карэспандэнт: "А што ў тых пратаколах?"

Гуляк: "З такога часу знаходзіўся на плошчы, выкрыкваў "Жыве Беларусь!" і не падпарадкоўваўся супрацоўнікам міліцыі. Бяруць адбіткі пальцаў, здымаюць на камэру. Большасьць людзей ужо аформілі".

Карэспандэнт: "Як даўно ты ўжо знаходзісься на Акрэсьціна?"


Гуляк: "Мы гадзін шэсьць сядзелі ў аўтазаку, машына МАЗ, яна стаяла ў двары Акрэсьціна. А гадзіне 6 ці 7 раніцы нас запусьцілі ўсярэдзіну будынка, і дагэтуль мы сядзім пад кабінэтамі ў калідорах, па чарзе нас афармляюць".

Карэспандэнт: "Колькі вас там усіх?"

Гуляк: "Шмат тут народу і рознага. У самой машыне нас было каля 40 чалавек, а тут людзі кажуць, што машын было 17. Ёсьць тут яшчэ хлопцы з Горадні".

Карэспандэнт: "Побач з табой ёсьць людзі, якіх моцна зьбілі?"

Гуляк: "Я бачыў траіх пабітых, але цяпер іх няма".

Карэспандэнт: "А дзе цябе забралі?".

Гуляк: "Мяне забралі каля самых дзьвярэй Дома ўраду".

Карэспандэнт: "Білі?"

Гуляк: "Не, ня білі… Прабач, тут міліцыянт побач, трэба хаваць тэлефон, каб ня ўбачылі".

Размова перарвалася. Празь некалькі хвілін яшчэ адно тэлефанаваньне:

Гуляк: "Нас вязуць у Заводзкі суд, разам 15 мужчын і каля 40 дзяўчат і жанчын".